Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 19 жніўня: 81-гадовую пэнсіянэрку пакаралі за «абразу прэзыдэнта», за тое ж судзяць і настаўніка гісторыі

абноўлена

Кастрычніцкі суд Магілёва
Кастрычніцкі суд Магілёва

У Беларусі працягваюць выносіць выракі ў крымінальных справах супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. Свабода адсочвае судовыя працэсы.

Пэнсіянэрку асудзілі за антыпрэзыдэнцкую прамову на сьметніку

Жыхарка Магілёва Ала Няўмоева паспрачалася з камунальнікамі, калі выкідала сьмецьце. Тыя запісалі яе прамову на відэа і выклалі ў TikTok. Суд прызнаў пацярпелым Аляксандра Лукашэнку.

Паседжаньне ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва адбылося 11 жніўня, паведамілі паведамілі сёньня праваабаронцы.

Алу Няўмоеву ведаюць старажылы магілёўскага дэмакратычнага руху, чыя актыўная дзейнасьць прыпадала на 1990-е. Цяпер ёй 81 год, у яе інваліднасьць 2-й групы. А гісторыя, якая скончылася судом, здарылася яшчэ ў красавіку.

З матэрыялаў справы: «Няўмоева Ала Фёдараўна, маючы намер на зьдзяйсьненьне злачынства супраць парадку кіраваньня (ч. 1 арт. 368 КК), у прысутнасьці іншых асобаў публічна і наўмысна выказала ў вуснай форме ненарматыўныя выразы, якія абразілі гонар і годнасьць прэзыдэнта Беларусі ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім сваім паўнамоцтваў».

Як заявіла жанчына на першым пасяджэньні 4 жніўня, усё пачалося з таго, што яна пайшла выкінуць сьмецьце да кантэйнэраў. Туды ж пад’ехалі супрацоўнікі «Спэцаўтапрадпрыемства». Сьмяцяр пачаў задаваць пытаньні і здымаць на камэру. Па сутнасьці, правакаваў, адзначыла яна ў судзе.

Ала Няўмоева прызнала, што сапраўды выкарыстала нецэнзурную лексыку ў адрас Лукашэнкі. Але ўдакладніла, што яе проста давялі.

«Усё гаварыла нармальна спачатку, а ў канцы нэрвы ня вытрымалі, што я б’юся-б'юся, а нікому нічога не патрэбна. Мацюкі выкарыстала, так. Але заўваг мне ніхто не рабіў. Ня справілася з эмоцыямі», — паскардзілася пэнсіянэрка.

Тым ня менш афіцыйна пацярпелым у крымінальнай справе аб абразе на сьметніку паблізу Віцебскага праспэкта, 28 прызналі лідэра дзяржапарату Лукашэнку.

На рашэньне судзьдзі Жанны Пушкінай жыхарцы Магілёва Але Няўмоевай прысудзілі мінімальна магчымае пакараньне — 30 базавых велічынь штрафу (890 рублёў).

За апошні час гэта першы выпадак, калі крымінальная справа за абразу першай асобы дзяржавы скончылася матэрыяльным спагнаньнем, а не абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі.

Суд над настаўнікам за ролік

13 жніўня стала вядома пра суд над смаргонскім настаўнікам Андрэем Пятроўскім. Праваабарончы цэнтар «Вясна» 19 жніўня паведаміў пра пачатак разгляду справы. Высьветлілася, што настаўнік гісторыі паказаў вучням відэаролік «Конституция ушла в проституцию!» На яго завялі крымінальную справу па ч.1 арт. 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта). Звольненага настаўніка пачалі судзіць у Смаргонскім раённым судзе, ён пад падпіскай аб нявыезьдзе і яму пагражае да 5 гадоў зьняволеньня. Судзьдзя — Людміла Міхневіч.

У роліку на прадмеце «Грамадазнаўства» быў лягатып, які прызнаны судом у Беларусі экстрэмісцкім. Інфармацыя ў відэа нібыта ганьбіць Лукашэнку.

Сваёй віны Андрэй Пятроўскі не прызнае. На судзе ён патлумачыў, што сваё меркаваньне аб тым, што Канстытуцыя ў краіне парушаецца, ён сфармаваў з аналізу падзей, якія асьвятляюцца ў СМІ. Пракурор Андрэй Клышэвіч прапанаваў Пятроўскаму прадставіць доказы парушэньняў, на што настаўнік прывёў прыклад з былым кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам, якога ў дзяржаўных СМІ называлі злачынцам да суда, чым парушаецца артыкул 26 Канстытуцыі (прэзумпцыя невінаватасьці).

Таксама Андрэй Пятроўскі прывёў прыклад з забаронай вяртаньня з-за мяжы былога кіраўніка каталіцкай царквы краіны Тадэвуша Кандрусевіча, чым парушаецца артыкул 30 Канстытуцыі (свабода перамяшчэньня).

Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў. Скончыў БДУ і Акадэмію кіраваньня. Мужчына мае каля 20 гадоў пэдагагічнага стажу, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства, працаваў у розных школах Смаргоняў і раёну. Апошнія тры гады аддаў мясцовай гімназіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG