Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністарка Эстоніі: Сытуацыя патрабуе ад ЭЗ пачаць абмеркаваньне новых санкцыяў супраць беларускага рэжыму


Кая Калас
Кая Калас

Прэмʼер-міністарка Эстоніі Кая Калас лічыць неабходным пачаць у Эўразьвязе абмеркаваньне новых санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта яна заявіла 17 жніўня на сустрэчы з фэдэральнай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель у Бэрліне, паведамляе БелаПАН са спасылкай на камунікацыйнае бюро ўраду Эстоніі.

Па словах Калас, Эстонія і Нямеччына падзяляюць пункт гледжаньня, што «Лукашэнка пачаў гібрыдную атаку супраць Эўразьвязу».

«Мэтай гэтай апэрацыі — пакараць тыя ўрады, якія гучна пратэставалі супраць масавых рэпрэсіяў і парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і дапамагалі ахвярам. Эўразьвяз аднадушна пакараў беларускі рэжым і эканоміку, увёўшы санкцыі», — сказала прэмʼер-міністарка Эстоніі.

«Сытуацыя патрабуе, каб чальцы ЭЗ пачалі абмеркаваньне новых санкцыяў супраць беларускага рэжыму. Мы ведаем, што адзіны падыход і рашэньні стрымліваюць дыктатараў, а санкцыі аказваюць важны ўплыў на беларускі рэжым», — дадала яна.

Ангела Мэркель на прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з Калас заявіла, што Нямеччына правядзе шчыльныя кансультацыі са сваімі эўрапейскімі партнэрамі з нагоды скаардынаванага адказу ўладам Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам.

Кіраўніца нямецкага ўраду сказала, што Аляксандр Лукашэнка «выкарыстоўвае ўцекачоў, напрыклад зь Іраку, каб падарваць бясьпеку, і, вядома, мы асуджаем гэта самым рашучым чынам». Паводле яе, Бэрлін паспрабуе заняць агульную пазыцыю з партнэрамі па ЭЗ, «таму што гэты гібрыдны спосаб канфрантацыі, які выкарыстоўваецца Беларусьсю, зьяўляецца атакай на ўсіх нас у Эўразьвязе, а не толькі на адну краіну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG