Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэра Крывога Рогу знайшлі застрэленым, паліцыя пачала расьсьледаваньне


Канстанцін Паўлаў

Мэр гораду Крывы Рог Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны Канстанцін Паўлаў знойдзены мёртвым ва ўласным доме.

Прычынай сьмерці стала агнястрэльнае раненьне. Праваахоўныя органы разглядаюць дзьве вэрсіі — забойства і самагубства. Пры гэтым у партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», сябрам якой быў Паўлаў, настойваюць на першай вэрсіі.

Паўлаў — ураджэнец Крывога Рогу, больш за дзесяць гадоў прапрацаваў на прадпрыемствах гораду. Палітычную кар’еру ён пачаў у 2005 годзе, уступіўшы ў Партыю рэгіёнаў. Ужо праз год палітык стаў першым намесьнікам кіраўніка Крывога Рогу.

У 2012 і 2014 гадах Паўлаў абіраўся ў Вярхоўную Раду. Абодва разы ён ішоў на выбары як самавылучэнец. Пасьля падзей на кіеўскім Майдане палітык далучыўся да дэпутацкай фракцыі «Апазыцыйны блёк», пазьней стаўшы сябрам партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», якую ў многіх украінскіх СМІ называюць «прарасейскай».


Летась Паўлаў балятаваўся ад гэтай партыі ў мэры Крывога Рогу, заняўшы па выніках першага тура трэцяе месца з 9,15% галасоў. Аднак перад другім турам, куды Паўлаў не прайшоў, дзеючы мэр гораду Юры Вікулаў нечакана зьняў на карысьць яго сваю кандыдатуру. У выніку жыхары горада аддалі Паўлаву амаль 57% галасоў, абраўшы яго мэрам.

На момант гібелі Канстанціну Паўлаву было 48 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG