Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская чыгунка» адначасна скасуе каля 30 рэйсаў электравікоў


Электравік гарадзкіх ліній
Электравік гарадзкіх ліній

Скасаваньне такой колькасьці рэйсаў ускосна пацьвярджае фінансавыя цяжкасьці арганізацыі.

Паводле сторыс БЧ у Instagram, рэйсы электрычак адмяняюцца з 23 і 30 жніўня. Гэтак, скасоўваецца шэраг маршрутаў паміж Менскам і Баранавічамі, Барысавам, Вялейкай, Гудагаем, Крулеўшчынай, Маладэчнам і Стоўпцамі, піша «Белсат».

З 13 жніўня БЧ павялічыла тарыфы на перавозкі пасажыраў цягнікамі міжрэгіянальных, рэгіянальных і гарадзкіх ліній. Яны павялічаны ў сярэднім на 5-15% у залежнасьці ад віду чыгуначных зносін.

Кошт праезду пасажыраў цягнікамі рэгіянальных ліній бізнэс-клясы і міжрэгіянальных ліній бізнэс-клясы ў сярэднім вырас на 5%, праезд у цягніках міжрэгіянальных ліній эканом-клясы, а таксама правоз багажу і грузабагажу — у сярэднім на 15%. Пры праезьдзе цягнікамі рэгіянальных ліній эканом-клясы неабходна заплаціць у сярэднім на 10% больш за ранейшую цану.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Транспорт Минска», у БЧ вялікія фінансавыя цяжкасьці. Як вынік, «праезд расьце ўжо двойчы за год, дарабіць распачатую электрыфікацыю да Мазыра ўсё ніяк ня могуць», «масава рэжуцца старыя рыскія дызэль-цягнікі, якія абслугоўвалі прыгарадныя перавозкі па ўсёй краіне».

Таксама нібыта няма сродкаў на рамонт новых цягнікоў, бракуе запчастак да іх, даводзіцца адмаўляцца ад узгодненай закупкі новых электравозаў і электрацягнікоў у «Stadler».

«Масава рэжуцца рэйсы звычайных „рыжанак“ у менскія прыгарады — пакуль начныя і ранішнія. Ідуць чуткі пра тое, што самыя старыя з гэтых электравікоў гэтак жа будуць парэзаныя на славу пляну па здачы мэталялому, хоць хадзіць нават старым цягнікам яшчэ 10-15 гадоў паводле тэрмінаў, пазначаных вытворцам. Грошай, каб купіць новыя або патрыманыя электравікі, няма. Хто дасьць крэдыт БЧ? Ніхто ня дасьць. Зразумела, што й маршрутныя таксі ў кожную вёску езьдзіць ня будуць, тым больш уначы», — гаворыцца ў паведамленьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG