Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя выканаўцы трэці раз спрабуюць трапіць у дом Юрыя Чыжа, зьняволенага ў СІЗА КДБ

Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджвае некалі блізкага да ўладаў бізнэсоўца Юрыя Чыжа, 2013 год
Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджвае некалі блізкага да ўладаў бізнэсоўца Юрыя Чыжа, 2013 год

Гэта ўжо трэцяя спроба органаў прымусовага выкананьня давершыць судовае рашэньне, якое набыло моц.

13 жніўня прадстаўнікі заснавальніка кампаніі «Трайпл» зноў занялі абарону каля ягонага дома, піша «Народная воля».

Сам Юры Чыж ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Што канкрэтна яму інкрымінуецца, дакладна невядома: прадстаўнікі КДБ, Сьледчага камітэту, КДК і ДФР падрабязнасьцяў не паведамляюць.

Гэта ўжо ня першая спроба судовых выканаўцаў увайсьці ў дом бізнэсоўца. Вось што раней казаў выданьню адвакат Міхаіл Макараў:

«Уступiла ў законную сілу рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску аб прымусовым ускрыцьці дома Чыжа ў Лагожаску, — патлумачыў юрыст. — Усё адбываецца ў рамках спагнаньня доўгу, які належыць Мікалаю Чукісаву. Сума — каля 300 тысяч рублёў па выканаўчай вытворчасьці 2019 году, але ўсё цягнецца па гэты дзень».

Адвакаты Юрыя Чыжа спрабавалі абскардзіць рашэньне суду, але беспасьпяхова.

Перад гэтым судовыя выканаўцы спрабавалі трапіць у дом Юрыя Чыжа 30 ліпеня, нават адчынілі браму. Аднак відавочцы расказалі, што «бок даўжніка падаў скаргу на дзеяньні судовага выканаўцы».

«Мабыць, даўжніка і яго прадстаўнікоў неналежным чынам апавясьцілі, таму судовыя выканаўцы адмовіліся ад працягу сваіх дзеяньняў у гэты дзень — усё перанесьлі на іншую дату», — растлумачыў «Народнай волі» адвакат Мікалая Чукісава.

Дачка заснавальніка кампаніі «Трайпл» зьвярнулася з заявай у пракуратуру Менскай вобласьці пра незаконнае ўварваньне ў жыльлё і іншыя ўладаньні, якія належаць іх сям’і.

Тацяна Чыж просіць правесьці праверку дзеяньняў і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці ўсіх, хто, на яе думку, незаконна уварваўся на яе і бацькаў зямельны ўчастак.

XS
SM
MD
LG