Плятформа «Голас» стварыла ініцыятыву, якая дапамагае сабраць у школу дзяцей палітвязьняў і ўсіх тых, хто зазнаў перасьлед з боку ўладаў.
«Ад дзеяньняў рэжыму ў нашай краіне пацярпелі тысячы семʼяў. Сотні бацькоў, кінутых за краты, больш ня могуць гадаваць і забясьпечваць сваіх дзяцей. Таму напярэдадні новага навучальнага году мы прапануем вам дапамагчы канцылярскімі таварамі тым, хто вельмі моцна ў гэтым мае патрэбу», — пішуць ініцыятары праекту.
Сярод варыянтаў дапамогі яны прапануюць купіць адзін з трох набораў рэчаў для дзяцей палітвязьняў на сайце фонду «Страна для жизни»:
- «Набор першаклясьніка»
- «Набор для малодшых школьнікаў»
- «Набор для старшай школы».
Таксама можна набыць канцылярскія наборы для дзяцей зь семʼяў, якія пацярпелі ад дзеяньняў рэжыму, з дапамогай ініцыятывы IneedHelpBy. Для гэтага трэба адправіць у тэлеграм-бот @INeedHelpBY_bot каманду / school і ўказаць колькасьць набораў, якія хацелі бы набыць для сямʼі, якае мае патрэбу.
«Давайце пакажам маленькім беларусам, што такое сапраўдная салідарнасьць!» — заклікаюць стваральнікі ініцыятывы.