Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт загадаў канфіскаваць зь бібліятэк кнігі пра бел-чырвона-белую сымболіку ў войску


Старонка з кнігі «Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры» Віктара Ляхора
Старонка з кнігі «Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры» Віктара Ляхора

«Не адпавядаюць беларускай сымболіцы, беларускаму народу, беларускай дзяржаве».

Грамадзяне Беларусі выступілі супраць канфіскацыі зь бібліятэк і электронных каталёгаў кніг «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» і «Военная символика белорусов. Знамёна и мундиры» ваеннага гісторыка Віктара Ляхора. У кнігах, сярод іншага, была інфармацыя пра БЧБ-сымболіку ў войску. Людзі склалі пэтыцыю на партале «Удобный город» з патрабаваньнем адмяніць гэтае рашэньне.

Раней у лісьце зь Мінкульту адзначылі, што «ў названых выданьнях утрымліваецца недакладная інфармацыя, якая зьмяшчае элемэнты прапаганды антыдзяржаўнай накіраванасьці».

Беларусы склалі пэтыцыю з патрабаваньнем адмяніць рашэньне аб канфіскацыі кніг.

«Мы лічым, што кнігі любога з аўтараў, якія не пярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, павінны быць у адкрытым доступе і, калі яны ўжо знаходзяцца ў бібліятэчным фондзе, то забіраць іх няма неабходнасьці, нягледзячы на тое, што аўтар кніг мае іншае меркаваньне, якое адрозьніваецца ад дзяржаўнай прапаганды. У адпаведнасьці з арт.134 Кодэкса аб культуры адной з асноўных задач бібліятэк зьяўляецца забесьпячэньне бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўваньня карыстальнікаў бібліятэк згодна зь іх патрэбнасьцямі і інтарэсамі. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасьці бібліятэк зьяўляюцца, у тым ліку, садзейнічаньне адраджэньню, захаваньню і разьвіцьцю нацыянальных культурных традыцый, забесьпячэньню даступнасьці культурных даброт і павышэньню іх якасьці, а таксама самастойнасьць у вызначэньні зьместу, форм і мэтадаў сваёй дзейнасьці».

На днях зь Мінкульту прыйшоў адказ на пэтыцыю, падпісаны намесьнікам міністра Валерыем Грамадой, піша партал The village.

У лісьце гаворыцца:

«Дадзеныя выданьні нельга назваць навукова-гістарычнымі, на некаторых старонках кнігі ёсьць ілюстрацыі, якія не адпавядаюць беларускай сымболіцы, беларускаму народу, беларускай дзяржаве.

Гэтак жа адзначаем, што дадзеныя выданьні з моманту паступленьня ў фонды бібліятэк не былі запатрабаваныя карыстальнікамі».

Аўтар кніг, 55-гадовы Віктар Ляхор, скончыў вышэйшую вайскова-палітычную вучэльню. У войску займаўся распрацоўкай вайсковай сымболікі, атрыбутыкі. Таксама ствараў графічныя рэканструкцыі дасьпехаў і ўніформы. У 2001 годзе ён быў абраны ў склад Геральдычнай рады пры прэзыдэнту Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG