Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС адрэгавала на новыя санкцыі Вялікай Брытаніі, ЗША і Канады: «Захад хоча зьмены ўлады ў Беларусі»


Міністэрства замежных спраў Беларусі
Міністэрства замежных спраў Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла заяву з нагоды прынятых Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікай Брытаніяй і Канадай санкцый супраць беларускага рэжыму.

У МЗС заявілі, што прыняцьцем санкцый заходнія дзяржавы «агалілі сапраўдныя мэты сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі», яны нібыта накіраваныя на «падрыў незалежнасьці» краіны.

«Адзінае, чаго дамагаецца Захад, грэбліва ігнаруючы вынікі волевыяўленьня беларускага народу, — гэта зьмена ўлады ў Беларусі. У ход ідзе ўвесь арсэнал мэтадаў „халоднай вайны“ ў выглядзе нарошчваньня зьнешняга палітычнага і інфармацыйнага ціску, увядзеньня авіяэмбарга, выкарыстаньня спорту ў палітычных мэтах, аж да фінансава-эканамічнага здушэньня дзяржавы».

У беларускім МЗС палічылі санкцыі парушэньнямі Статуту ААН, абавязаньняў ЗША і Вялікай Брытаніі ў рамках АБСЭ і Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году. Таксама там адзначылі, што дзяржава «выступае за адкрыты і раўнапраўны дыялёг з краінамі Захаду».

Разам з гэтым афіцыйны Менск пагражае санкцыямі ў адказ.

«Беларускі бок правядзе дбайную ацэнку прынятых учора ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай абмежаваньняў супраць нашай краіны і прыме адэкватныя захады ў адказ».

У гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі прэзыдэнт ЗША падпісаў выканаўчы загад аб блякаваньні маёмасьці дадатковых асобаў, датычных да сытуацыі ў Беларусі. Уводзяцца санкцыі ў дачыненьні да ААТ «Беларуськалій», які, як лічыць амэрыканскі бок, зьяўляецца «крыніцай незаконнага ўзбагачэньня рэжыму»; санкцыі да Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які «абвінавачваецца ў адмываньні грошай, ухіленьні ад санкцыяў і абыходзе візавых забаронаў». У санкцыйны сьпіс таксама ўключаныя «вядомыя бізнэсоўцы, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, а таксама 15 кампаніяў, зь якімі яны зьвязаныя».

Вялікая Брытанія абвясьціла аб забароне на набыцьцё каштоўных папер і фінансавых інструмэнтаў, выпушчаных урадам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі банкамі, забараніла выдаваць крэдыты, увяла санкцыі супраць тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці цыгарэт, і санкцыі ў авіяцыйнай галіне. Таксама пад абмежаваньні трапіў набліжаны да Лукашэнкі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў.

Гэтыя дадатковыя санкцыі — працяг тых, якія Вялікая Брытанія ўвяла 21 чэрвеня 2021 г. па ўзгадненьні з ЗША, Канадай і ЭЗ у адказ на затрыманьне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі пасьля незаконнай пасадкі самалёта рэйсу Ryanair FR4978 у траўні 2021 году. За апошні год пад санкцыі ЭЗ падпалі 78 асобаў і 8 арганізацыяў у Беларусі. Таксама ЭЗ увёў сэктаральныя санкцыі.

Санкцыйны сьпіс, апублікаваны на сайце Міністэрства фінансаў ЗША:

Фізычныя асобы

  • Аземша Сяргей Якаўлевіч — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Алексін Аляксей Іванавіч — адзін зь вядучых бізнэсоўцаў Беларусі, саўладальнік Bremino Group
  • Аўраменка Аляксей Мікалаевіч — міністар транспарту і камунікацыяў
  • Бунакоў Андрэй Мікалаевіч — намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім»
  • Бычак Канстанцін Фёдаравіч — начальнік сьледчага ўпраўленьня КДБ
  • Варабей Мікалай Мікалаевіч — беларускі бізнэсовец, уладальнік кампаній «Інтэрсэрвіс» і «Нафтабітумны завод» па аптовым гандлі нафтапрадуктамі, банку «Абсалютбанк» і іншых кампаній
  • Васільеў Анатоль Іванавіч — начальнік УУС Гомельскага аблвыканкаму
  • Гайдукевіч Алег Сяргеевіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў
  • Гара Дзьмітры Юр’евіч — старшыня Сьледчага камітэту
  • Давыдзька Генадзь Браніслававіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Камітэту па правах чалавека і СМІ
  • Дрыль Глеб Уладзімеравіч — намесьнік начальніка Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
  • Карыч Нябойша
  • Кенюх Ігар Рыгоравіч — начальнік Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
  • Лапыр Уладзімер Іосіфавіч — намесьнік начальніка Ізалятара часовага ўтрыманьня (Акрэсьціна)
  • Ляшэнка Ігар Васільевіч — генэральны дырэктар «Гродна Азот»
  • Рыбакоў Андрэй Аляксеевіч — старшыня канцэрну «Белнафтахім»
  • Сікорскі Арцём Ігаравіч — дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту
  • Харанека Вячаслаў Васільевіч — дырэктар Нацыянальнага аэрапорту Менск
  • Чуро Леанід Мікалаевіч — генэральны дырэктар «Белаэранавігацыі»
  • Шакута Дзьмітры Віктаравіч — спартовец, удзельнік вулічных рэйдаў супраць пратэстоўцаў
  • Шандаровіч Алег Станіслававіч — начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Алег Шандаровіч
  • Шапецька Яўген Андрэевіч — начальнік ЦІП на завулку Акрэсьціна
  • Шманай Дар’я — асоба з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі

Юрыдычныя асобы

  • ЗАТ «Абсалютбанк»
  • ЗАТ «Новая нафтавая кампанія»
  • ЗТАА «Дана Астра»
  • Спартовы клюб «Шок»
  • Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі
  • Нафтабітумны завод
  • ААТ «Беларуськалій»
  • ААТ Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман»
  • ТДА «Белнафтагаз»
  • ТАА «БелКазТранс»
  • ТАА «Bremino Group»
  • ТАА «Dubai Water Front»
  • ТАА «Inter Tobacco»
  • ТАА «Interservice»
  • ТАА «Новая нафтавая кампанія Ўсход»
  • ТАА «Emirates Blue Sky»
  • СЗАТ «Energo-Oil»
  • Сьледчы камітэт Беларусі
  • Управа ўнутраных справаў Гомельскай вобласьці
  • «Dana Holdings Limited» (Кіпр)
  • «БелКазТранс Украіна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG