Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць для спартоўца Кудзіна, якога экстрадавалі з Расеі, 3,5 года калёніі

абноўлена

Аляксей Кудзін
Аляксей Кудзін

У судзе Маладачанскага раёну 10 жніўня праходзяць спрэчкі бакоў у справе спартоўца Аляксея Кудзіна.

Пракурор просіць пазбавіць волі вядомага чэмпіёна ў адзінаборствах на 3 гады і 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Аляксея Кудзіна вінавацяць паводле ч. 2 арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, спалучаны з ужываньнем гвалту або з пагрозай яго прымяненьня).

У жніўні 2020 году Кудзін удзельнічаў у пратэстах у Маладэчне, калі адбыліся сутыкненьні зь сілавікамі. Спартоўца спачатку зьмясьцілі пад адміністрацыйны арышт, пасьля аштрафавалі, а потым завялі на яго крымінальную справу. У лістападзе Кудзін не зьявіўся ў суд, улады абвясьцілі яго ў вышук. Як выявілася, ён уцёк з краіны.

Спартоўца затрымалі ў Расеі ў студзені 2021-га. У лютым Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў РФ зварот аб экстрадыцыі. Беларускія спартоўцы напісалі некалькі пэтыцый да расейскіх уладаў з просьбай аб прыпыненьні экстрадыцыі чэмпіёна ў Беларусь.

У абарону Аляксея Кудзіна выступілі таксама праваабаронцы фонду «Грамадзянскае садзейнічаньне» і Маскоўскі Хэльсынскі камітэт. На бок спартоўца пасьля разгляду стаў Эўрапейскі суд у правах чалавека. Аднак Расея ўсё адно выдала Кудзіна афіцыйнаму Менску.

Практычна ўсе сьведкі на судзе былі міліцыянтамі.

У канцы пасяджэньня Кудзін выступіў з апошнім словам.

«Я думаю, што ў паказаньнях на маім судзе было шмат супярэчнасьцяў. Лічу, што было даказана прымяненьне супрацоўнікамі спэцсродкаў. Я не адмаўляю ўдараў, але гэта была абарона. Я шкадую пра цялесныя пашкоджаньні, нанесеныя пацярпелым. Шкадую і пра тое, што высьмеяў іх у інтэрвію. Яны ж проста выконвалі свае абавязкі. Прашу не пазбаўляць мяне волі. Я і далей гатовы выступаць за Беларусь», — цытуе Кудзіна «Рэгіянальная газета».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG