Палітыка абвінавачваюць у выдаваньні зьвестак дазнаньня. Яму пагражае штраф ці да трох месяцаў арышту.
Працэс зрабілі закрытым, а ўсе хадайніцтвы абвінавачанага адхілілі, у тым ліку пра адвод судзьдзі Тацяны Шоцік. Закрытасьць паседжаньня судзьдзя растлумачыла тым, што «ў матэрыялах крымінальнай справы ёсьць зьвесткі папярэдняга сьледзтва, якія не падлягаюць выдаваньню».
Як паведаміла прэсавая служба АГП, агалошаньне прысуду прызначанае на 10-ю раніцы 6 жніўня. Пракурор папрасіў максымальны тэрмін паводле арт. 407 Крымінальнага кодэксу — тры месяцы арышту.
Крымінальную справу супраць Мікалая Казлова завялі сёлета ў сакавіку. Раней ён некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаваньні пасьля допытаў у Сьледчым камітэце ў крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады.
У пракуратуры Менскай вобласьці адзначылі, што сьледчы папярэджваў Мікалая Казлова аб недапушчальнасьці выдаваньня зьвестак папярэдняга сьледзтва і надыходзе за гэта крымінальнай адказнасьці.