Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ва Ўкраіне: «Забойства Віталя Шышова — палітычнае»


Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве

Рух салідарнасьці «Разам» лічыць трагічную сьмерць прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова палітычным забойствам.

Таксама рух «Разам» заявіў на прэс-канфэрэнцыі аб спробе прадстаўнікоў прарасейскіх сілаў ва Ўкраіне дыскрэдытаваць гэтую арганізацыю, а таксама аб правакаваньні канфліктаў з боку «Беларускага дому ва Ўкраіне».

«Забойства Віталя Шышова — палітычнае, яно ёсьць часткаю гібрыднай вайны, накіраванай і супраць Беларусі, і супраць Украіны. І ўкраінскай ўладзе абсалютна неабходна на фоне гэтай трагедыі распрацаваць стратэгію адносна Беларусі», — заявіў сустаршыня арганізацыі Вячаслаў Сіўчык 5 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Яшчэ адна сустаршыня руху Алена Талстая дадала, што Віталь Шышоў займаўся арганізацыяй акцыяў, удзельнічаў у іх, але ніколі публічна не выступаў з палітычнымі заявамі.

«Нашаю мэтаю было наколькі мага бесканфліктнае правядзеньне супольных акцыяў. Мы ня ведалі, што Віталь ёсьць кіраўніком „Беларускага дому“, ставіліся да яго як да беларуса, які дапамагае арганізоўваць акцыі. У іх маглі ўдзельнічаць усе, хто хацеў, ніякіх канфліктаў не ўзьнікала. Чаму на Віталю была зарэгістраваная арганізацыя? Мяркую, гэта таксама не сакрэт — ім патрэбны быў беларус», — патлумачыла яна.

Паводле Алены Талстой, прадстаўнікі руху «Нацыянальны корпус» Сяргей Кароткіх і Радзівон Батулін, у сутнасьці, рэйдэрскім чынам захапілі грамадзкую ініцыятыву «Беларускі дом ва Ўкраіне», якую стварылі першай таму, што большасьць беларусаў-уцекачоў не хацелі далучацца да палітычных арганізацыяў. Але ўвесь час удавалася ўнікаць канфліктаў, бо галоўная мэта была выказаць падтрымку і салідарнасьць Беларусі і беларусам.

«У чэрвені прадстаўнікі „Нацыянальнага корпусу“ прыйшлі на акцыю памяці па Вітольду Ашурку і спрабавалі ізаляваць беларусаў ад падтрымкі ўкраінскіх партыяў, рухаў і грамадзтва. Для нас вельмі важна было, каб усе акцыі былі супольнымі з усімі, апроч прарасейскіх, партыямі і рухамі, каб было разуменьне, што ў нас агульны вораг і агульныя мэтады барацьбы. Гэта была першая спроба адсекчы ад беларусаў нацыянальна арыентаваныя ўкраінскія сілы. Гэта было вельмі нечакана», — паведаміла Алена Талстая.

У далейшым, паводле яе, прадстаўнікі Беларускага дому ва Ўкраіне пачалі канфрантацыю, забараняючы сваім прадстаўнікам удзел у «чужых» акцыях. Так, гэта адбылося ў часе арганізацыі і правядзеньня сьвяткаваньня 27 ліпеня гадавіны падпісаньня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Тады ж «Беларускі дом ва Ўкраіне» спрабаваў сарваць падзею ў парку імя Тараса Шаўчэнкі ў Кіеве і арганізаваў альтэрнатыўную акцыю.

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году разам зь дзяўчынай. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць перадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён ня раз заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая таксама паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG