Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Ціманоўская прыляцела ў Вену. Яе мужу далі польскую гуманітарную візу


Крысьціна Ціманоўская
Крысьціна Ціманоўская

Самалёт, у якім ляцела беларуская лёгкаатлетка, прызямліўся ў сталіцы Аўстрыі, паведамляе карэспандэнт AFP.

Першапачаткова меркавалася, што 4 жніўня Крысьціна Ціманоўская вылеціць з Токіё ў Варшаву, аднак зь меркаваньняў бясьпекі вырашана было зьмяніць маршрут, і беларуска села ў самалёт да Аўстрыі, піша Deutsche Welle.

Адтуль, праўдападобна, яна неўзабаве накіруецца ў Польшчу, якая выдала Ціманоўскай гуманітарную візу і паабяцала ёй далейшую юрыдычную дапамогу, а таксама спрыяньне ў працягненьні спартовай кар'еры.

Афіцыйны прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер паведаміў, што Польшча выдала гуманітарную візу і мужу Крысьціны Ціманоўскай Арсенію Зданевічу, які зьвярнуўся па дапамогу ў час Алімпійскіх гульняў у Токіё, піша Польскае радыё.

У размове са Свабодай Арсені Зданевіч пацьвердзіў атрыманьне візы і сказаў, што пакуль што ён яшчэ ў Кіеве і ня будзе агучваць, калі зьбіраецца ў Польшчу, — «дзеля сваёй жа бясьпекі».

Кіраўнік беларускага Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка мае інфармацыю пра тое, што неўзабаве Ціманоўская прыляціць у Варшаву. Ён паабяцаў інфармаваць чытачоў у сваім твітэры.

Віцэ-міністар замежных спраў Польшчы Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк заявіў, што беларуска знаходзіцца пад апекай польскай дыпляматычнай службы. Але зь меркаваньняў бясьпекі ніякіх дэталяў наконт яе перамяшчэньня ў Эўропу не падаюць.

Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь

  • 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
  • Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
  • Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
  • Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
  • Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
  • Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
  • 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
  • 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG