Кніга Альгерда Бахарэвіча, якая чатыры месяцы таму прыцягнула асаблівую ўвагу беларускіх мытнікаў, нарэшце дойдзе да чытачоў.
«Мы надрукавалі новы наклад. У іншым месцы, у іншай краіне, зь якой у нас няма памежных бар'ераў і мытняў. У гэтым заключаўся “План Б”», — паведаміў у сацыяльных сетках выдавец Андрэй Янушкевіч.
На пачатку красавіка ўвесь тыраж надрукаванай у Літве кнігі быў затрыманы на Менскай рэгіянальнай мытні і накіраваны на «экспэртызу» ў неназваную ўстанову. Чатырох месяцаў экспэртам не хапіла, і літоўскі тыраж надалей застаецца затрыманы.
Увесь гэты час у менскіх кнігарнях безь ніякай экспэртнай ацэнкі прадаваўся расейскі пераклад «Сабакаў», які выйшаў у выдавецтве «Время».
У новым выданьні кніга налічвае больш за 600 старонак. У 2018 годзе яна атрымала 2-е месца Прэміі Гедройця, а яе расейскі пераклад у наступным годе трапіў у шорт-ліст прэстыжнай расейскай літаратурнай прэміі «Большая кніга».