Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кліп гурту «Дай дарогу!» «Баю-бай» прызналі экстрэмісцкім матэрыялам


Выступ «Дай дарогу!», на пярэднім пляне Юры Стыльскі

Пастанову вынес суд Ленінскага раёну Берасьця.

Лідэр гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі атрымаў пастанову суду пра тое, што кліп ягонага калектыву на песьню «Баю-бай» унесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Зборам дакумэнтаў для падачы ў суд займалася 6-я ўправа ГУБАЗіК Берасьцейскай вобласьці. Матэрыялы перадалі ў абласную экспэртную камісію ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці/адсутнасьці ў ёй экстрэмізму.

Камісія прыйшла да высновы, што «кліп зьняты з мэтай дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структураў».

«На гэта ўказваюць вобразы кіроўцы аўтазаку, які на камбайне перасьледуе ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяры паказаныя гранічна міралюбнымі і безабароннымі. Такім чынам, сытуацыя затрыманьня парушальнікаў грамадзкага парадку выстаўлена аўтарамі песьні як бязьлітаснае забойства, учыненае супрацоўнікамі сілавых структураў», — гаворыцца ў выснове дзяржаўных экспэртаў.

На думку сяброў камісіі, гэты кліп распальвае сацыяльную варажнечу, маючы прыкметы экстрэмізму. Кліп і яго магчымыя копіі ўлады прызналі экстрэмісцкім матэрыялам.

Лідэр «Дай дарогу!» Юры Стыльскі адкрыта выказваўся супраць беззаконьня і гвалту сілавікоў, браў удзел у зборных канцэртах падчас агітацыйнай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў, граў на плошчах і ў дварах. За ўдзел у «несанкцыянаваных акцыях» яго ня раз затрымлівалі.

Канцэрт калектыву 7 траўня ў сталічным клюбе Re: Public не дазволілі менскія ідэолягі, а ў сакавіку АМАП сарваў здымкі кліпу гурту ў адным зь клюбаў. Фактычна «Дай дарогу!» знаходзіцца ў сьпісе негалосна забароненых гуртоў, афіцыйныя выступы яму забараняюць, не выдаюць канцэртнае пасьведчаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG