Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля допыту ў Камітэце нацбясьпекі ў Бішкеку экс-прэзыдэнт Акаеў заявіў, што «прыехаў дапамагчы сьледзтву»


Аскар Акаеў у Кіргізстане. 2 жніўня.

Зрынутага прэзыдэнта Аскара Акаева пасьля прызямленьня ў Бішкеку даставілі ў Камітэт нацыяльнай бясьпекі Кіргізстану для сьледчых дзеяньняў у рамках крымінальнай справы аб карупцыі на радовішчы Кумтор, паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода са спасылкай на прэс-службу дзяржкамітэту.

«Акаеў нароўні зь іншымі былымі высокапастаўленымі чыноўнікамі быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці па факце карупцыі пры заключэньні генэральнага пагадненьня па праекце „Кумтор“ у 1992 годзе, унясеньні ў яго зьменаў у 1994 годзе, а таксама пры рэструктурызацыі генэральнага пагадненьня з кампаніяй „Камеко“ ў 2003 годзе», — паведамілі ў Камітэце нацбясьпекі.

Сам Аскар Акаеў пасьля допыту заявіў, што прыехаў у Бішкек на тыдзень і гатовы дапамагчы сьледзтву ў гэтай крымінальнай справе.

«Тут мяне прынялі з прыязнасьцю. Натуральна, ёсьць пытаньні. І вось прайшоў першы допыт. Я прыехаў, каб чыстасардэчна, шчыра расказаць, як мы будавалі „Кумтор“, для чаго, якія, магчыма, былі дапушчаныя памылкі. Сьледзтва будзе працягвацца», — цытуе яго словы Kaktus.media.

Паводле Акаева, ён сустракаўся з прэзыдэнтам Садырам Джапаравым у яго рэзыдэнцыі. «Я вельмі ўдзячны, удзячны кіраўніцтву краіны, прэзыдэнту Садыру Нургажоевічу за тое, што яны далі магчымасьць прыбыць на радзіму, — сказаў ён. — Я прыехаў супрацоўнічаць, дапамагаць».

  • Аскар Акаеў — першы прэзыдэнт Кіргізстану, пераабіраўся на пасаду кіраўніка дзяржавы чатыры разы. 24 сакавіка 2005 году ў Кіргізстане адбыліся народныя хваляваньні, якія ўвайшлі ў гісторыю як «тульпанавая рэвалюцыя». Нагодай для выказваньня незадаволенасьці грамадзян тады сталі вынікі парлямэнцкіх выбараў. Пачынаючы з 4 сакавіка ўлада на месцах пераходзіла ў рукі апазыцыі. А 24 сакавіка ў Бішкеку прайшоў буйны мітынг некалькіх палітычных сіл, у выніку якога Акаеў, які да таго моманту кіраваў краінай 15 гадоў, быў скінуты. Ён уцёк зь сям'ёй у Маскву.
  • На радзіме супраць яго і ягоных сваякоў распачалі крымінальныя справы аб карупцыі. Улады Кіргізстану неаднаразова прасілі Расею дэпартаваць Акаева, але атрымлівалі адмову. Пасьля ўцёкаў з Кіргізстану Акаеў жыў у Маскве і выкладаў у МДУ.
  • У 2021 годзе ДКНБ Кіргізстану распачаў некалькі крымінальных спраў, зьвязаных з карупцыяй на залатарудным радовішчы Кумтор. У рамках гэтых спраў затрымалі некалькі высокапастаўленых палітыкаў, сярод якіх брат экс-прэзыдэнта Асылбек Джээнбекаў і былыя прэмʼер-міністры. Акрамя таго, сілавікі абвясьцілі ў вышук двух прэзыдэнтаў-уцекачоў, Аскара Акаева і Курманбека Бакіева. Апошні пасьля рэвалюцыі 2010 году жыве ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG