Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 95 гадоў з дня нараджэньня Алеся Адамовіча


Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч

Падзеі 3 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

3 жніўня 1926* году нарадзіўся Алесь Адамовіч, пісьменьнік і літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Мы сустрэліся пры канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя ў Маскве на паседжаньні Рады па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, куды запрасілі тузін айчынных літмаладзёнаў. Абмеркаваньне нашай творчасьці пачалося з таго, што адзін з сталічных крытыкаў публічна паведаміў: чытаючы творы гасьцей, учора раптам зразумеў, што беларуская мова, выяўляецца, сапраўды існуе.

Адамовіч крыху спазьніўся і, пачуўшы ад нас пра зробленае «старэйшым братам» адкрыцьцё, толькі пагардліва махнуў рукой, дадаўшы пару моцных слоў. Потым ён першы падпісаў складзены намі зварот у высокія інстанцыі з просьбай стварыць у Менску музэй Уладзімера Караткевіча. Праўда, адразу ж упэўнена заўважыў: «Нічога, хлопцы, у вас не атрымаецца».

Ягоныя (на шчасьце, не заўжды пэсымістычныя) прагнозы зьдзяйсьняліся й у маштабах нязьмерна большых. Адамовіч прадказаў крывавыя падзеі каля тэлевежы ў Вільні, а на пачатку лета таго самага гістарычнага 1991 году пайшоў у заклад з славутым палiтолягам Генры Кісынджэрам, сьцьвярджаючы, што КПСС хутка сыдзе з арэны.

Ён усё жыцьцё ваяваў за справядлівасьць: у партызанах, куды трапіў падлеткам; у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, дзе працаваў на катэдры нацыянальных літаратураў і адкуль быў выгнаны ў сувязі з справаю пісьменьнікаў-дысыдэнтаў Сіняўскага і Даніэля; у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, дзе адраджаў мэтадалягічныя прынцыпы праўдзівасьці й гістарызму. Гэта ён паставіў на месца Айзіка Кучара, які пасьля рэабілітацыі рэпрэсаваных пісьменьнікаў працягваў тапіць, не дапускаючы да выданьня, іхныя творы.

Рэзкі канфлікт з кіраўніцтвам Беларусі пасьля чарнобыльскай катастрофы, праўду пра якую ён імкнуўся данесьці любымі шляхамі, прывёў да пераезду ў Маскву. Там Адамовіч быў адным з выбітных удзельнікаў перабудовы і далейшых вірлівых палітычных падзеяў.

Ён стаў аўтарам сямнаццаці прыжыцьцёвых кнігаў, у тым ліку раману «Карнікі» і «Хатынскай аповесьці», паводле матываў якой зьняты фільм «Ідзі і глядзі».

Аднак Адамовіч належаў да тых творцаў, чыя асоба вышэйшая за іхныя кнігі. Напэўна, ён і сам разумеў гэта, адважна рынуўшыся ў палітыку й грамадзкую дзейнасьць: быў народным дэпутатам, працаваў у «Мэмарыяле», выступаў на мітынгах. Ня раз прыяжджаў у Менск на Чарнобыльскі шлях.

Ягоная сьмерць сталася сымбалічнай: падчас суду, пасьля выступу ў абарону iнтарэсаў Міжнароднага літфонду. Пасьмяротна яго назвалі ляўрэатам прэміі гэтага Фонду «За гонар і годнасьць таленту». Імя Адамовіча мае адна з прэміяў Беларускага ПЭН-цэнтру. Яе ляўрэатамі стаў цэлы шэраг супрацоўнікаў Беларускай службы Свабоды.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.402–403.

* Уладзімер Арлоў адзначае: «Афіцыйная дата нараджэньня, замацаваная ў энцыкляпэдыях, — вынік таго, што ў часе вайны маці больш як на год „падмаладзіла“ сына, ратуючы яго ад вывазу ў Нямеччыну».

Таксама ў гэты дзень

1492 — пачалася першая экспэдыцыя італьянскага мараплаўца Хрыстафора Калюмба. Ён хацеў адкрыць найкарацейшы марскі шлях з Эўропы ў Індыю. Але ў выніку экспэдыцыя адкрыла Амэрыку.

Хрыстафор Калюмб
Хрыстафор Калюмб

1678 — паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам заключанае Андрусаўскае замірэньне на 13 гадоў, наўзамен Кіева Рэчы Паспалітай перададзены Вяліж, Себеж і Невель.

1933 — адбылося Кобрынскае сялянскае паўстаньне. Падбухтораныя кампартыяй Заходняй Беларусі, 100 сялянаў Кобрынскага павету, узброіўшыся, разграмілі некалькі сядзібаў асаднікаў і цэлую ноч трымалі ў аблозе паліцэйскі пастарунак у вёсцы Навасёлкі. Назаўтра ўлады разагналі паўстанцаў. 30 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

1940 — Літва далучаная да СССР.

У гэты дзень нарадзіліся

1923 — Мікола Кедышка, удзельнік антынацысцкага супраціву. Загінуў у баі з нацыстамі, якія напалі на явачную кватэру.

1953 — Валеры Шаблюк, гісторык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

Ён быў зь ліку гісторыкаў, якія не ратаваліся ад сучаснасьці ў сваіх кабінэтах ці ў раскопах. Не радзей, чым у сяброўскім коле, мы сустракаліся зь ім у сярэдзіне дзевяностых гадоў на дэмакратычных акцыях.

Ён балюча перажываў рэфэрэндум 1995-га, але, адрозна ад некаторых калегаў, ня кідаўся ў роспач і не лічыў, што ўсё страчана, а зацята працягваў рабіць сваю справу, верачы ў магутную стваральную сілу гістарычнай памяці.

Валера загінуў страшна й недарэчна — на пешаходнай „зэбры“ пад уласнымі вокнамі яго зьбіла службовая машына генэральнага пракурора Беларусі, кіроўца якога катаўся ў сьвяточны дзень па горадзе з прыяцелькамі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 436–437.

1975 — Юры Бліноў, музыка, мэцэнат, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х – пач. ХХІ ст.

Юры Бліноў
Юры Бліноў

У цяжкую для каманды пару стаў шчодрым фундатарам «Крумкачоў».

У родным Дарагічыне ён заснаваў дзіцячы конкурс-фэстываль «Палескі агеньчык». Узяўся за «рэстаўрацыю» спадчыны вядомага ў заходнім сьвеце кампазытара Мікалая Набокава (стрыечнага брата знанага пісьменьніка), што нарадзіўся ў Любчы і ўсё жыцьцё называў сябе беларусам.

Бліноў канцэртаваў у Беларусі і за мяжой, ствараў сваю музыку: «Гісторыі пад Божае Нараджэньне», «Песьні Афэліі», «Кот Шрэдынгера». Працуючы простым выкладчыкам Беларускай акадэміі музыкі, мусіў звольніцца праз канфлікт з кіраўніцтвам: не па форме афармляў дакумэнты.

Хаўрусьнікам Юрыя, ягонай радасьцю быў спорт і найперш бег. Ён бегаў маратоны, браў удзел у міжнародных спаборніцтвах. На паўмаратоне ў вясновым Гомлі яму зрабілася блага, але сыходзіць з дыстанцыі было ня ў правілах Блінова. Сэрца спынілася за пяць мэтраў да фінішу.

Якая музыка грала ў ягонай душы ў астатнія імгненьні?

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 744–745.

1986 — Дар’я Домрачава, беларуская біятляністка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка сьвету, Герой Беларусі.

Дар'я Домрачава
Дар'я Домрачава

У памяці

1994 — Інакенцій Смактуноўскі (Смактуновіч), савецкі актор беларускага паходжаньня, народны артыст СССР.

2008 — Аляксандар Салжаніцын, пісьменьнік і дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

Аляксандар Салжаніцын
Аляксандар Салжаніцын

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG