Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муж Крысьціны Ціманоўскай пакінуў Беларусь


Крысьціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіё 1 жніўня

Цяпер Арсень Зданевіч у Кіеве, а ягоная жонка Крысьціна Ціманоўская прыйшла ў амбасаду Польшчы ў Токіё.

Спартовы сайт «Трыбуна» паведаміў пра ад’езд зь Беларусі ў Кіеў мужа Крысьціны Ціманоўскай Арсеня Зданевіча. Сама яна прыйшла ў амбасаду Польшчы, знаходзячыся ў Токіё. Яна плянуе прасіць нацыянальную візу гэтай краіны.

Арсень Зданевіч пацьвердзіў свой ад’езд зь Беларусі ва Ўкраіну і зазначыў, што плянуе зьяднацца з жонкай. Камэнтаваць яе ўчынак ён не захацеў.

1 жніўня 24-гадовая Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.

Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хаця на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты празь недастатковую колькасьць допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі.

Ціманоўская адмовілася бегчы няпрофільную для сябе дыстанцыю і апублікавала ў інстаграме відэа з крытыкай на адрас трэнэрскага і адміністрацыйнага штабоў лёгкаатлетычнай і алімпійскай зборных Беларусі. За гэта ёй пачалі пагражаць.

Міжнародны алімпійскі камітэт ня выключыў санкцыяў супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, але чакае афіцыйнага адказу зь Менску з тлумачэньнем усіх акалічнасьцяў сытуацыі з Крысьцінай Ціманоўскай.

Фонд спартовай салідарнасьці запатрабаваў ад МАК правесьці разбор і забраць алімпійскія акрэдытацыі ў галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча, намесьніка дырэктара РЦАП Артура Шумака, начальніка аддзелу міжнародных адносін НАК Васіля Юрчыка і шэфа беларускай місіі ў Токіё Дзьмітрыя Даўгалёнка, якія спрабавалі сілай вывезьці Ціманоўскую ў Беларусь.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі 2 жніўня заявіў, што ягоная краіна гатовая прыняць Ціманоўскую.

«Мы яшчэ ўчора адрэагавалі на гэтую сытуацыю, калі атрымалі інфармацыю. Мы зьвярнуліся да прадстаўнікоў спадарыні Ціманоўскай і мы знаходзімся зь імі ў кантакце.

У інтарэсах гэтай справы мы ня можам пакуль падаць больш падрабязнасьцяў, акрамя таго, што Польшча гатовая прыняць спадарыню Ціманоўскую, забясьпечыць ёй абарону і працяг спартовай кар’еры», — сказаў Яблоньскі ў эфіры Польскага радыё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG