Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджанага за пратэсты Мікіты Літвіненкі: «У турме сын стаў яшчэ лепшым». ВІДЭА


Мікіта і Кацярына Літвіненкі, каляж
Мікіта і Кацярына Літвіненкі, каляж

Кацярына Літвіненка ў інтэрвію Свабодзе расказала пра справу і суд свайго сына палітвязьня Мікіты Літвіненкі.

19 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску судзьдзя Вікторыя Шабуня вынесла прысуд чатыром абвінавачаным паводле артыкулаў 293 (масавыя беспарадкі) і 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Усіх затрымалі ў верасьні 2020 году, яны прызнаныя палітвязьнямі.

Маці аднаго зь іх Мікіты Літвіненкі — Кацярына Літвіненка — расказала, чаму сын хадзіў на мірныя акцыі пратэсту, як зьмяніўся ў турме і чаму эмацыйна выказаўся падчас апошняга слова ў судзе.

Мікіта Літвіненка ў апошнім слове сказаў:

«Вам моцна пашанцавала, што вы жывяце ў Беларусі і што вы будзеце адказваць за свае ўчынкі — зьдзейсьненыя і тыя, што цяпер зьдзяйсьняюцца — перад беларусамі. Чаму пашанцавала? Бо мы народ не злапомны, народ, які ўмее дараваць. Таму проста маліцеся. Няважна каму. Любым выдуманым пэрсанажам. Любым вусатым іконам, каб усё было добра. І аднойчы, рана ці позна, хутчэй за ўсё рана, я прыйду сюды, у гэтую залю, і буду назіраць за вамі ў гэтай клетцы, як за зьвярамі ў заапарку. Ніякіх адмоўных эмоцыяў да вас я не адчуваю. Хутчэй наадварот. Я люблю вас, таварыш старшы лейтэнант, я люблю ўсіх. І нічога абсалютна адмоўнага да вас ня маю, як і нічога асабістага. І ў канцы хачу сказаць, што сваю віну я не прызнаю, нічога супрацьзаконнага я не зьдзяйсьняў і ніякіх памілаваньняў я пісаць не буду. І, вядома, Жыве Беларусь!»

Кацярына Літвіненка пра сына:

  • «Так, ён ішоў галасаваць за Ціханоўскую. Гэта прагучала ў судзе і тут няма чаго саромецца», кажа Кацярына Літвіненка.
  • «У абвінавачаньні, я думаю, гучала тое, што магло б прагучаць у адносінах да 500 тысяч чалавек, якіх я сама бачыла на нядзельных маршах, пакуль гэта ня стала небясьпечным для жыцьця».
  • «Маё дзіця ня здольнае на нейкія абразы. І тое, што ён у апошнім слове сказаў, што не адчувае ніякай асабістай няпрыязі ні да памочніка пракурора, ні да судзьдзі, ні да тых, хто сядзеў побач і яго ахоўваў, — гэта абсалютная праўда».
  • «Яго білі, ён траціў прытомнасьць, яго насілі па паверхах, білі пастаянна. Яму зламалі нос, у яго гнаіліся раны прыкладна паўтара месяца, гематома на жываце ў яго была ад пахвіннай зоны да грудзей. Але, знаходзячыся там [у судзе], ён думаў, як не знэрваваць мяне, каб я ня чула ўсяго гэтага кашмару».
  • «Калісьці я вельмі хацела, каб ён паехаў, а цяпер у сілу таго, што я веру, што мы ўжо перамаглі, але пакуль у нас няма магчымасьці адсьвяткаваць наша сьвята. Мне б хацелася, каб ён застаўся тут і рабіў нешта разам з намі для таго, каб наша краіна нарэшце паднялася з каленяў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG