Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля Бягомля паставілі помнік ахвярам савецкіх рэпрэсіяў

Урочышча Кабыляцкая гара месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, 2018. Ілюстрацыйнае фота
Урочышча Кабыляцкая гара месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, 2018. Ілюстрацыйнае фота

У вёсцы Будзілаўка каля Бягомля паставілі і асьвяцілі памятны знак ахвярам савецкіх рэпрэсіяў. Пад помнік паклалі зямлю з Кабыляцкай гары – месца масавых расстрэлаў пад Оршай.

Ідэя ўстаноўкі помніка і пасадкі бярозавага гаю належыць выхадцу з Будзілаўкі, доктару гістарычных навук, прафэсару Мікалаю Печаню. Ён сабраў зьвесткі аб сваіх рэпрэсаваных родных і аднавяскоўцах, зьезьдзіў у Оршу, прывёз зямлю з Кабыляцкай гары, дзе ў гады рэпрэсій расстралялі больш за 20 тысяч чалавек, паведамляе докшыцкі сайт «Родныя вытокі».

  • Кабыляцкую гару называюць яшчэ Аршанскімі Курапатамі, яна афіцыйна прызнаная месцам масавых расстрэлаў.

У Будзілаўцы ўнукі і праўнукі тых, чые імёны запісаны на чорнай пліце, заклалі капсулу з зямлёй ля падножжа вялікага каменя. Пасьля памінальнага набажэнства, які адслужыў іярэй Аляксей Кушнярэвіч, памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчаньня.

Аршанскія курапаты: што важна ведаць

  • У 1982 годзе, калі будавалі чыгунку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, знайшлі чалавечыя парэшткі. Створаная ў Воршы адмысловая камісія афіцыйна прызнала, што гэта парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Кабыляцкая гара была прызнана месцам масавых расстрэлаў упершыню ў Беларусі — раней за менскія Курапаты.
  • Першы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьявіўся тут у 1990 годзе, яшчэ ў часы СССР. Паводле распараджэньня тагачасных уладаў Воршы тут паставілі стандартную жалезную «тумбачку» — сапраўдны помнік меліся зрабіць пазьней.
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, усталяваны ў 1990г. ( фота з архіву Віктара Андрэева)
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, усталяваны ў 1990г. ( фота з архіву Віктара Андрэева)
  • У 1994 годзе на прапанову аршанскага гісторыка Юрыя Копціка замест помніка на Кабыляцкай гары паставілі камень-валун, а на ім — шыльду з радкамі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Неўзабаве шыльду скралі вандалы, сьледам за ёй і наступную.
Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады
Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады
  • Пасьля 1994 году мясцовыя ўлады забыліся на помнік. Чыноўнікі сюды не зьяўляліся ні разу, але грамадзкія актывісты штогод зьбіраліся на Дзяды і займаліся добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін. У сярэдзіне 1990-х тут пачаў стыхійна стварацца самаробны мэмарыял: нашчадкі рэпрэсаваных пачалі ставіць крыжы і помнікі ў памяць пра сваіх родных.
Самаробны мэмарыял у лесе
Самаробны мэмарыял у лесе
  • Кабыляцкая гара — не адзінае месца сталінскіх расстрэлаў, вядомае аршанцам. Старажылы кажуць, што ў 1930-я гады расстрэлы адбываліся і ў Харкаўскім лесе каля магілёўскай шашы, і ў мясцовай турме, якую зрабілі ў мурах езуіцкага калегіюму. Нашчадкі рэпрэсаваных і мясцовыя актывісты хочуць паставіць памятныя знакі і ў гэтых месцах.

XS
SM
MD
LG