Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваіх жлобінцаў асудзілі да «хатняй хіміі» за пратэсты 9 жніўня


Жлобінскі суд, архіўнае фота
Жлобінскі суд, архіўнае фота

У Жлобіне вынесьлі чарговы прысуд у крымінальнай справе за пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў.

29 ліпеня суд Жлобінскага раёну разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні Ільлі Грузьдзёва і Сяргея Якубенкі, якіх вінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» у ноч зь 9 на 10 жніўня ў Жлобіне (ч. 1 арт. 342 КК), піша «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Яўген Ерафееў. Бок дзяржабвінавачаньня падтрымлівала Ціпашкіна.

Паводле абвінавачаньня, Ільля Грузьдзёў, Сяргей Якубенка сумесна з іншымі неўсталяванымі асобамі вечарам 9 жніўня прыйшлі ў цэнтральную частку Жлобіну, «дзейнічалі сумесна і ўзгоднена з мэтай выказваньня сваіх грамадзка-палітычных поглядаў і пратэсту супраць ходу і вынікаў выбараў, а таксама вядзеньня дэструктыўнай дзейнасьці, накіраванай на абвастрэньне напружанасьці ў грамадзтве, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак і спалучаных зь яўным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады».

Таксама іх абвінавацілі, што мужчыны выйшлі і знаходзіліся на праезнай частцы вуліцы Першамайскай, стаялі у счэпцы, гучна крычалі і пляскалі ў далоні, выкрыквалі лёзунгі, сьвісьцелі, дэманстратыўна і адкрыта адмаўляліся выконваць патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі.

У выніку такіх дзеяньняў некалькі аўтобусаў нібыта вымушана зьмянілі маршрут свайго руху, таксама вымушана спыніла працу крама «Сьвет прадуктаў».

Абвінавачаныя прызналі віну, пры гэтым Грузьдзёў і Якубенка паміж сабой знаёмыя не былі, камяні не кідалі, у счэпцы не стаялі.

Суд пакараў абвінавачаных абмежаваньнем волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу: Сяргея Якубенку тэрмінам на 3 гады, а Ільлю Грузьдзёва — на 2,5 года.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG