Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор за перасячэньне мяжы, бюджэт пражытковага мінімуму. Што зьменіцца ў выплатах з 1 жніўня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сувязі з павелічэньнем бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ) з 1 жніўня ў Беларусі павысяцца некаторыя віды пэнсій, а таксама розныя віды дапамог і сацыяльных выплат і даплат.

Бюджэт пражытковага мінімуму

З 1 жніўня па 31 кастрычніка 2021 году ў разьліку на месяц бюджэт пражытковага мінімуму ўстаноўлены ў памеры Br283,46. Гэта на 3,7% вышэй у параўнаньні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 траўня па 31 ліпеня, піша БелТА.

  • для працаздольнага насельніцтва — Br315,04;
  • пэнсіянэраў — Br214,91;
  • студэнтаў — Br237,3;
  • дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў — Br178,56;
  • дзяцей ад 3 да 6 гадоў — Br247,95;
  • дзяцей ад 6 да 18 гадоў — Br303,79.

Даплаты да пэнсіі

З 1 жніўня штомесячная даплата да пэнсій для непрацуючых грамадзян ва ўзросьце 80 гадоў і болей складзе Br70,87, а ва ўзросьце ад 75 да 80 гадоў — Br53,15. Надбаўка для інвалідаў I групы складзе Br70,87, а пэнсіянэраў, якія дасягнулі 80-гадовага веку, — Br35,44.

Сацыяльныя пэнсіі, якія прызначаюцца пры неатрыманьні працоўнай пэнсіі, павялічацца наступным чынам:

  • інвалідам I групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, — да Br311,81;
  • інвалідам з дзяцінства II групы — Br269,29;
  • інвалідам II групы, дзецям у выпадку страты карміцеля — Br240,94;
  • інвалідам III групы — Br212,60;
  • асобам старэйшым за агульнаўстаноўлены пэнсійны ўзрост — Br141,73;
  • дзецям-інвалідам ва ўзросьце да 18 гадоў пры рознай ступені страты здароўя — ад Br226,77 да Br311,81.

Таксама ўстаноўлена пэнсія ў памеры Br279,38 маці і (або) бацькам дзяцей-інвалідаў ва ўзросьце да 18 гадоў, якія мелі трэцюю і (або) чацьвёртую ступень страты здароўя, прызнаных пасьля інвалідамі I групы з дзяцінства, якія ажыцьцяўляюць догляд за імі ня менш за 20 гадоў і дасягнулі агульнаўстаноўленага пэнсійнага веку.

Дапамога на дзяцей

З 1 жніўня дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, будзе выплачвацца адначасова ў памеры Br283,46. Пры нараджэньні першага дзіцяці аднаразовая дапамога складзе Br2834,60, а пры нараджэньні другога і наступных — Br3968,44.

Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам, складзе: на дзіця-інваліда — Br198,42, на дзяцей, якія ня маюць інваліднасьці — Br141,73. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў складае Br283,46 (з I і II ступеньню страты здароўя і з III і IV ступеньню страты здароўя да спаўненьня дзіцяці 3 гадоў) і Br340,15 (з III і IV ступеньню страты здароўя пасьля спаўненьня дзіцяці 3 гадоў). На дзіця ва ўзросьце да 18 гадоў, інфікаванага ВІЧ, дапамога ўстаноўлена ў памеры Br198,42.

Павялічацца выплаты па доглядзе дзіцяці ва ўзросьце да 3 гадоў. Да 31 студзеня 2022 году на першага дзіцяці выплата складзе Br495,74, на другое і наступных дзяцей — Br566,56, а на дзіця-інваліда — Br637,38.

Дапамога да школы

Аднаразовая матэрыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей незалежна ад даходу сям’і. Максымальны памер выплат на кожнае дзіця-школьніка дасягае 30% бюджэту пражытковага мінімуму, які дзейнічае ў ліпені гэтага года (Br81,9). Суму дапамогі вызначаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў у залежнасьці ад фінансавых магчымасьцяў рэгіёну.

Па атрыманьне гэтай выплаты трэба зьвяртацца ў органы па працы, занятасьцi i сацыяльнай абароне ў адпаведнасьці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (знаходжаньня) аднаго з бацькоў дзіцяці. А ў Менску — па месцы вучобы дзіцяці.

Збор на выезд за мяжу

У Віцебскай вобласьці з 1 жніўня 2021 да 1 студзеня 2023 году ўводзіцца мясцовы збор за перасячэньне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы Беларусі ў пунктах пропуску. Яго стаўка складзе 1 базавую велічыню, якая зараз складае 29 рублёў.

Раней мясцовы збор за перасячэньне мяжы ўвялі ў Гомельскай, Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях.

Надбаўкі мэдыкам за працу з COVID-19

Міністэрства аховы здароўя вырашыла паменшыць некаторыя даплаты мэдыкам, якія працуюць у «чырвонай зоне»: з 1 жніўня з рэкамэндацый выключылі пункт аб ужываньні разьліку «траціна адпрацаваных гадзін і (або) зьменаў ва ўмовах інфэкцыі» для вызначэньня надбаўкі ў поўным аб’ёме за ўвесь адпрацаваны час. То бок надбаўку мэдыкам будуць плаціць не за ўвесь месяц, а калі набіраецца 30% працоўных зьменаў працы з COVID-19 — толькі за канкрэтныя зьмены, у якія мэдык працаваў з пацыентамі з COVID-19.

Харчовыя тавары

З 1 жніўня зьніжана стаўка падатку на дабаўленую вартасьць з 20% да 10% у адносінах да асобных харчовых тавараў: распушчальнага печыва, гародніны і іншых гамагенізаваных прадуктаў, садавіны, арэхаў і сокаў для дзіцячага харчаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG