Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» ўзламалі сэрвэр зь відэазапісамі МУС на леташніх маршах пратэсту. ВІДЭА


Адна з акцый кібэрпартызанаў

Інтэрнэт-узломшчыкі здабылі некалькі відэазапісаў з акцый пратэсту восені 2020 году.

Група «Кібэрпартызаны» на сваім тэлеграм-канале паведаміла, што ўзламала сэрвэр, на якім захоўваюцца відэазапісы апэратыўных дронаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Першае відэа, выкладзенае хакерамі ў сеціва, паказвае пратэсты каля стэлы, што на праспэкце Пераможцаў, і на прылеглых вуліцах у Менску.

«Дзякуючы запісам у нас ёсьць магчымасьць вывучыць тактыку карнікаў, вызначыць іх уразьлівыя кропкі і дазволіць „Буслам“ і „ДНС“ падрыхтавацца да фінальнага выхаду. Летам-восеньню 2020 мы былі сьведкамі і ўдзельнікамі найбольш масавых выхадаў вольных духам людзей. Толькі паглядзіце, як шмат было нас і як мала было іх», — напісалі «кібэрпартызаны».

Таксама суполка паказала відэа зь міліцэйскіх дронаў каля «плошчы Перамен». Гэта месца, дзе быў мурал, прысьвечаны «Дыджэям перамен», дзе забралі Рамана Бандарэнку, якога потым забілі, дзе затрымалі ​Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якіх пазьней асудзілі за асьвятленьне акцыі пратэсту, дзе затрымалі і цяпер судзяць Сьцяпана Латыпава.

Суполка «Кібэрпартызаны» паўстала ў верасьні 2020 году на тле беларускіх пратэстаў супраць няспыннага кіраваньня Лукашэнкі. Ананімныя хакеры пачалі з узлому дзяржаўных сайтаў, на пачатку верасьня атакаваўшы сайты Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, МУС і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Узломшчыкі пакідалі пасланьні: бел-чырвона-белы сьцяг пратэсту, фота Лукашэнкі ў разьдзеле «Вышук» на сайце МУС і абвяшчэньне партызанскай вайны ўладам.

Пасьля актыўнай дзейнасьці ўвосень «кібэрпартызаны» на пэўны час сышлі ў цень, справакаваўшы чуткі пра свой самароспуск ці нават арышты сяброў суполкі. Аднак у ліпені пачаўся новы віток іх дзейнасьці — аказалася, што яны ўзламалі шэраг дзяржаўных базаў, якія доўга не працавалі, а дзяржаўныя органы тлумачылі прастой «тэхнічнымі работамі». Узломшчыкі атрымалі ў карыстаньне ўсю базу Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі, пашпартнай сыстэмы і базы дадзеных службы 102.

У апошні тыдзень ліпеня «кібэрпартызаны» публікуюць здабытую інфармацыю, сярод якой зьвесткі пра аўтатранспарт і нерухомасьць сілавікоў, асабістыя дадзеныя чыноўнікаў найвышэйшага зьвяна, а таксама сакрэтныя дэпэшы пра злачынствы, перавышэньні паўнамоцтваў і іншыя парушэньні, учыненыя чыноўнікамі і сілавікамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG