Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 30 ліпеня: пракурор патрабуе 3 гады турмы расейцу з ініцыятыўнай групы Ціханоўскай


Віцебскі абласны суд. Архіўнае фота
Віцебскі абласны суд. Архіўнае фота

У Беларусі не спыняецца крымінальны перасьлед грамадзян за ўдзел у пратэстах супраць дзейнай улады. Свабода сочыць за падзеямі.

Карэспандэнта «Вячэрні Магілёў» арыштавалі на 6 сутак за пікет супраць гвалтоўнай вакцынацыі

Як паведамляе «Вясна» назірае», Егудзі Ігаэля затрымалі 27 ліпеня ў Мінску на праспэкце Незалежнасьці. Супрацоўнікам АМАПу не спадабалася цішотка Егудзі з надпісам «Против насильственной вакцинации», таму ў Ленінскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаваньне.

30 ліпеня над мужчынам прайшоў суд, а яго справу разгледзела судзьдзя Ленінскага раёну Тацяна Шоцік.

У самым пачатку паседжаньня Егудзі заявіў, што «супрацоўнікі Акрэсьціна яму гаварылі, што ў яго няма ніякіх правоў, яго не азнаёмілі з матэрыяламі справы і не дазволілі патэлефанаваць адвакату». Таму мужчына запатрабаваў «выкананьня правоў у месцах пазбаўленьня волі».

Адвакат хадайнічаў аб далучэньні да справы ліста ад працадаўцы, у якім гаворыцца, што Егудзі працуе ў фондзе «Адкрытыя сэрцы», зьяўляецца пазаштатным карэспандэнтам газэты «Вячэрні Магілёў» і робіць усё для падтрымкі дзеючага канстытуцыйнага ладу.

На судзе мужчына не разумеў, чаму яго судзяць і некалькі разоў заяўляў аб парушэньні яго правоў. Таксама дадаў, што ён вядомы тым, што падтрымлівае Лукашэнку.

Судзьдзя Шоцік, у выніку, палічыла віну Егудзі цалкам даказанай, таму пакарала яго 6 суткамі арышту.

Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў прысуд палітвязьню Осіпаву — яго этапуюць у калёнію на 11 гадоў

30 ліпеня Вярхоўны суд разглядзеў апэляцыйную скаргу на прысуд 25-гадоваму Ціхану Осіпаву. За наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні 2020 году, удзел у масавых беспарадках, а таксама ілжывы данос (пасьля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне) Менгарсуд асудзіў Ціхана да 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ціхана абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 400, ч. 1 арт. 14 і арт. 362 КК. Ён прызнаў віну толькі па артыкуле 400 КК, па іншых артыкулах не прызнаў. Сёньня судовая калегія Вярхоўнага суду пакінула прысуд бязь зьменаў — Ціхана этапуюць у калёнію на 11 гадоў, паведамляе «Вясна».

Зьняволены ў Беларусі расеец выступіў у судзе з апошнім словам

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску пракурор Бяшковіч папрасіў пакараць грамадзяніна Расеі, валянтэра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, 50-гадовага ​Андрэя Новікава 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Чакаецца, што прысуд будзе агучаны 5 жніўня а 10-й гадзіне.

Андрэя Новікава вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (арт. 342 КК) і незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы РБ (арт. 371 КК). На паседжаньні 29 ліпеня палітзьняволены выступіў з апошнім словам.

Ягоны выступ цытуе Праваабарончы цэнтар «Вясна»:

«Я разумею і суд, і абвінавачваньне, я разумею тое, што адбываецца ў Беларусі... Я агучваў тое, што баяліся агучваць іншыя. Я знайшоў у сабе мужнасьць, я вывучыў беларускае заканадаўства, для мяне гэта было проста — я сам зь сілавікоў. Я камунікаваў з прадстаўнікамі пракуратуры, судоў — мне лёгка арыентавацца ў тым, што адбываецца.

Я ня буду даваць камэнтары аб сытуацыі: дэ-юрэ я грамадзянін іншай дзяржавы. Але дэ-факта ў мяне тут сям’я, бацькі.

Практычна дзесяць месяцаў, якія я, былы супрацоўнік, адбыў у турме, а зь ліпеня — у агульных камэрах з крымінальнікамі, якія сядзелі не ў першы раз, — камэнтаваць не буду, гэта жудасна.

Але вось размаўлялі цяпер, тлумачылі, а ў мяне ўсё роўна перад вачыма стаіць мая жонка. Усе мае дзеяньні перш за ўсё былі ўзгодненыя зь ёй, ніякай змовы ні з кім у мяне не было. Я хацеў бачыць пэрспэктыву; нягледзячы на ўзрост, я фізычна актыўны: мне хацелася разьвівацца і паляпшаць жыцьцё. Для каго я буду старацца? Для сваіх дзяцей...»

Андрэй Новікаў нарадзіўся ў беларускім Варапаеве, пасьля школы зьехаў вучыцца ў Расею. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званьне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых апэрацыях на тэрыторыі Чачні. Жанаты, мае трох дачок, адна зь якіх мае інваліднасьць.

Новікава затрымалі 6 чэрвеня 2020 году ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну Віцебшчыны за ўдзел у пікеце для збору подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Празь нейкі час яго зьмясьцілі ў СІЗА № 1 у Менску. Там ён знаходзіцца па сёньня.

«Апраналі пакет на галаву і душылі, сілком напаілі нейкай вадкасьцю з бутэлькі». Новыя сьведчаньні катаваньняў пры затрыманьні

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна»«, 29 ліпеня ў сябе дома быў затрыманы Юрый Марозаў. Паводле пратаколу, «у сувязі з падазрэньнем ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, але на тэрыторыі Партызанскага РУУС аказаў непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, адмовіўшыся выйсьці з машыны». Сваю віну хлопец не прызнаў. Справу Марозава разглядзеў судзьдзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч.

Вось што распавёў Юрый Марозаў:

«У кватэру ўвайшлі восем супрацоўнікаў, ніхто не паказваў пасьведчаньні. Мяне паставілі на калені і трымалі тварам да сьцяны. Пэрыядычна білі. Білі нагамі. Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Сілком напаілі нейкай вадкасьцю з бутэлькі. Потым у кватэры правялі ператрус у прысутнасьці незнаёмых мне людзей. Былі панятыя ў балаклавах, таму я не ведаю хто гэта. Правялі ператрус, пры гэтым ператрус — гэта калі ўсе твае рэчы расшвырваюць па кватэры. Пэрыядычна мяне прыніжалі, лаяліся матам. Пасьля гэтага мяне прымусілі нешта падпісаць. У мяне нават не было магчымасьці паглядзець што гэта, бо мяне білі. Пасьля гэтага канфіскавалі частку рэчаў, якія на Акресьціна са мной не прыехалі, таму я не ведаю дзе іх шукаць. Потым мы прайшлі ў аўтамабіль. Увесь гэты час я знаходзіўся ў кайданках, таму фізычна не мог аказваць непадпарадкаваньне. Калі камэры там ёсьць, то можна паглядзець, што я не супраціўляўся. Я спакойна прайшоў у РУУС. У машыне са мной было трое супрацоўнікаў».

Сьведка-міліцыянт на судзе сьцьвярджаў, што паліў каля РУУСа, калі ўбачыў, як Марозаў штурхнуў плячом аднаго супрацоўніка ў цывільным і паспрабаваў выбегчы на праезную частку. Відэакамэра на будынку РУУСа на гэтую тэрыторыю, вядома, накіраваная не была. Акрамя гэтага, сьведка памыліўся і з часам «правапарушэньня».

Судзьдзя Макарэвіч пакараў Юрыя Марозава 14-сутачным арыштам, нягледзячы на заяву пра катаваньні.

Яшчэ сем тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі

Беларускія суды задаволілі заявы пракурораў аб прызнаньні экстрэмісцкімі наступных каналаў і чатаў у мэсэнджэры Тэлеграм, паведамляе Генпракуратура:

  • «Своя Жабинка»
  • «Навіны Бярозы»
  • «Береза 97%»
  • «Белоозерск 97%»
  • «Бешенковичи вчера сегодня завтра»
  • «Уручье 97pro»
  • «Узда, Узденский район»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG