Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Строцаў: «Пра прыгажосьць беларускай этычнай салідарнасьці хочацца сьведчыць з усіх сіл»


Дзьмітры Строцаў
Дзьмітры Строцаў

Ляўрэатам прэміі Бібліятэчнага фонду Вацлава Гаўла «Парушальнік спакою» (Disturbing the Peace) за 2021 год стаў паэт і выдавец зь Беларусі Дзьмітры Строцаў. У тэксьце паведамленьня аб узнагародзе гаворыцца, што Дзьмітры Строцаў зьяўляецца «сьмелым пісьменьнікам, які знаходзіцца ў небясьпецы».

Сёньня Дзьмітры Строцаў — госьць нашай праграмы.

— Яшчэ раз віншуем, шаноўны спадар Зьміцер, зь незвычайным уганараваньнем — «Парушальнік спакою». Распавядзіце, калі ласка, коратка пра саму прэмію і працэдуру вылучэньня кандыдатаў на яе.

— Дзякуй за віншаваньне! Для мяне вялікі гонар атрымаць прэмію імя Гаўла. Але мушу вас расчараваць — пра саму прэмію і яе працэдуры я ведаю ня болей за любога, хто зойдзе на сайт Бібліятэчнага Фонду Вацлава Гаўла і прачытае разьмешчаную там інфармацыю. Месяцаў пяць таму да мяне адтуль зьвярнуліся праз сацыяльныя сеткі і паведамілі, што я намінаваны на прэмію, папрасілі даслаць вершы ў перакладах па-ангельску. Пазьней прыйшла вестка, што я патрапіў у кароткі сьпіс разам з Алегам Сянцовым і яшчэ некалькімі літаратарамі-дысыдэнтамі з усяго сьвету. Я падумаў тады, што гэта ўжо дастатковая ацэнка маёй творчасьці і ўкладу ў дэмакратычны рух. І ўрэшце даведаўся, што стаў ляўрэатам гэтай прэстыжнай прэміі.

— За месяц пасьля навіны напэўна эмоцыі ўжо ўлягліся і вы можаце спакойна разважаць над тым, чым для вас асабіста стала гэтая прэмія.

— Да гэтага часу я маю толькі інфармацыю пра маё ляўрэацтва, вельмі бурную і добразычлівую рэакцыю сяброў і літаратурнай грамады на самую навіну. Праз ковідныя абмежаваньні, верагодна, адмяняецца ці пераносіцца на няпэўны тэрмін цырымонія ўзнагароджаньня, якая звычайна адбываецца ў Нью-Ёрку. Зразумела, што дадалася трывога маіх блізкіх праз тое, што прэмія прыцягвае да мяне дадатковую ўвагу беларускіх уладаў. Мне ж асабіста хацелася б, каб гэты знак прызнаньня адкрыў большыя магчымасьці для сьведчаньняў сьвету пра Беларусь, але, магчыма, гэта яшчэ наперадзе.

— Скажыце, калі ласка, што зьмянілася ў вашым жыцьці і творчасьці пасьля атрыманьня гэтае ўзнагароды?

— Як я ўжо сказаў, павялічылася трывога за мяне маіх блізкіх і сяброў і пачасьціліся заклікі зьехаць з краіны. Ёсьць ускосныя зьвесткі, што ўвага ўладаў да мяне сапраўды павялічылася. У прыватнасьці я даведаўся, што беларускім бібліятэкам забаронена купляць мае кнігі для сваіх фондаў. Што ж датычна самой творчасьці, то яна па-ранейшаму ўпартая, свавольная і выбірае варыянт ніяк не рэагаваць на зьнешнія стымулятары. Ёсьць запрашэньні на эўрапейскія фэстывалі, куды хацелася б даехаць, калі атрымаецца пераадолець бар’еры, якія ўсё павялічваюцца.

— Час пасьля таго, як вы сталі «Парушальнікам спакою», непазнавальна зьмяніў літаратурны ляндшафт Беларусі. Зьнішчаныя творчыя арганізацыі, да якіх вы належыце, магчымасьці публікацый зьведзеныя да сацыяльных сетак і інтэрнэт-выданьняў. Як гэта адбілася на вашай асабістай творчай свабодзе?

— Як ні дзіўна, на маёй творчай свабодзе ўсе названыя катастрафічныя перамены пакуль не адбіліся. Сурʼёзныя абмежаваньні маёй прысутнасьці ў беларускім культурным полі пачаліся яшчэ ў канцы 1990-х. і за дваццаць гадоў я неяк адаптаваўся. Мяне не запрашаюць на тэлебачаньне і радыё, не друкуюць у часопісах і газэтах, беларускія выдавецтвы не імкнуцца выдаваць мае кнігі. Я даўно навучыўся рэалізоўвацца ў сацыяльных сетках і пасільным самвыдаце. На сёньняшні дзень у мяне шаснаццаць паэтычных кніг. За сорак гадоў толькі чатыры зь іх выйшлі ў афіцыйных беларускіх выдавецтвах, астатнія — за мяжой.

Дзьмітры Строцаў і Ганна Комар
Дзьмітры Строцаў і Ганна Комар

— Ваш паэтычны рэпартаж «Беларусь перакуленая» пра падзеі ў краіне са жніўня мінулага году перакладзены на 15 моваў сьвету. Ці гэты жанр усё яшчэ актуальны для вас? Ці, магчыма, цяпер, калі пратэстны рух загнаны ў глыбокае падпольле, вы знайшлі новыя формы паэтычнага асэнсаваньня народнага супраціву ў Беларусі?

— Паэтычны рэпартаж я пачаў асвойваць яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, асабліва пасьля драматычных падзеяў 2006 году, калі раптам усьвядоміў, што ў мяне няма мовы, каб сьведчыць пра рэальнасьць, у якой жыву. Патрэбная іншая хуткасьць, літаральна кінэматаграфічны мантаж, імгненная зьмена плянаў. Вершы-рэпартажы зьявіліся ў кнізе «Газета» (2012), амаль цалкам склалі «Шаг» (2015). Іншая рэч, што бальшыня маіх верных чытачоў гэты новы накірунак увогуле не ўспрымала як паэзію. І вось у 2020-м здарылася нечаканае — я працягваў пісаць паэтычныя рэпартажы і яны раптам трапілі ў шырокі грамадзкі рэзананс і іх пачулі.

Цяпер я пішу радзей, але не таму, што задыхаюся ў падпольлі. Творчасьць — хвалевы працэс. Пасьля інтэнсіўнай працы, якая цягнулася некалькі месяцаў, трэба даць сабе адпачынак. Увесь чэрвень я цяжка хварэў на ковід. Доктарка апісала мой стан як зьнясілены. Трэба проста набірацца сілаў. І гэта тычыцца ня толькі мяне, але і грамадзтва ў цэлым.

Таксама, адказваючы на гэтае пытаньне, я павінен сказаць, што для мяне галоўнай падзеяй другой паловы 2020 году зьяўляецца не пратэст, а нараджэньне новай этычнай салідарнасьці ўсяго беларускага грамадзтва. І менавіта пра навізну і прыгажосьць гэта фэномэну хочацца сьведчыць з усіх сіл.

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская і Дзьмітры Строцаў
Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская і Дзьмітры Строцаў

— Якую мадэль грамадзкіх паводзін вы лічыце найбольш адпаведнай для беларускіх творцаў тут і цяпер?

— Мне здаецца, можна менш пісаць і выдаваць кніг, здымаць фільмаў, ставіць спэктакляў і запісваць альбомаў, але ніяк нельга зьмяншаць стасункі. Трэба ўтрымаць тую інтэнсіўнасьць зносінаў — усіх з усімі, якую грамадзтва дасягнула ў другой палове 2020-га. Размаўляць з суседзямі ля падʼезда, хадзіць адзін да аднаго ў госьці, пісаць лісты, разам падарожнічаць — рабіць разам усё, што заўгодна. І ў гэтым творчыя людзі могуць і павінны паказаць прыклад — тут і цяпер.

Дзьмітры Строцаў. З апошнiх вершаў

*

Даше Чульцовой и Кате Андреевой

как
на проспект Тарайковского
поскорее пройти

спрашиваю
у женщины в белом

ты
берешь меня за руку
по бульварам и дворикам
наш пеший
маршрут

ленты
на стволах и ветках
помогают не сбиться
с пути
платьице
красное в белом окне
не один уже месяц
сохнет и сохнет
помогает
в пути

нет
не Пищаловский замок
не желтый икающий дом
Парусникова

не литое и каменное вранье
на победных раздольях

тихая
главная площадь страны
Площадь Перемен

приглашает
склонить наши головы

видишь
глаза дорогие Романа
помогают не сбиться
с пути

18.02.2021

*

Павлу Северинцу

матушка Церковь
слышишь меня

я
на бетонном полу
в темнице

слышу тебя
как в первые дни

когда
в теле
зашевелился ребенок

матушка Церковь
согреешь меня

мне так
жутко
за казенной решеткой

в нежность мою
запеленаю тебя

мой
выскобленный
ребенок

матушка Церковь
накормишь меня

твоего
ребенка
покидают
силы

я напою тебя
медом и молоком

дам
причастие
живого Бога

23.04.2021

*

я держусь за ветки сада
за ресницы винограда

где мутная ощупью ищет волна
и волоком за ноги тащит меня

где больше ни ночи, ни дня
и сволочи-очи без дна

только саду-изумруду
я скажу, что верен чуду
поклянусь, что счастлив буду

08.07.2021

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG