Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны: Люблінскі трохкутнік для Беларусі — рэальная альтэрнатыва на будучыню


Ілюстрацыйнае фота. Люблін, 2019 год

«Рэальнай альтэрнатывай на будучыню» для Беларусі назваў Люблінскі трохкутнік міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба 28 ліпеня на брыфінгу, прысьвечаным першай гадавіне стварэньня гэтага міждзяржаўнага аб’яднаньня, куды ўвайшлі Ўкраіна, Літва і Польшча.

На думку Кулебы, Люблінскі трохкутнік стварае «рэальную альтэрнатыву» так званаму «русскому миру» ў гэтай частцы Эўропы. «Украіна, Польшча і Літва ўжо ніколі ня вернуцца ў расейскую сфэру ўплыву, а вось для Беларусі Люблінскі трохкутнік — рэальная альтэрнатыва на будучыню, і мы будзем дапамагаць беларускаму народу пабудаваць справядлівую дзяржаву, у якой будзе эўрапейская будучыня і ў якой падзяляюцца, абараняюцца правы чалавека. Калі Беларусь стане на дэмакратычны, эўрапейскі шлях разьвіцьця, мы, Украіна, Польшча і Літва, будзем гатовыя разгледзець яе далучэньне да нашага фармату», — заявіў міністар.

Ён адзначыў, што Люблінскі трохкутнік — частка стратэгіі Ўкраіны дзеля стварэньня поясу бясьпекі паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Сярод прыярытэтаў аб’яднаньня Кулеба назваў супрацьдзеяньне «агрэсіўнай палітыцы Расейскай Фэдэрацыі», кібэрбясьпеку, барацьбу з дэзынфармацыяй, супрацьдзеяньне нелегальным фінансавым патокам і падатковым злачынствам, каардынацыю палітыкі ў сфэры працоўнай міграцыі.

12 жніўня 2020 году міністры замежных спраў краін Люблінскага трохкутніку выступілі з супольнай заявай, у якой выказалі глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і заклікалі ўлады ўстрымацца ад ужываньня сілы. «Шанаваньне асноўных свабод і правоў чалавека, улучна з дэмакратыяй і вяршэнствам закону, неабходна для далейшага разьвіцьця незалежнай і сувэрэннай Беларусі, якую мы цалкам падтрымліваем, — было сказана ў заяве. — Мы ўпэўненыя, што толькі шляхам дыялёгу цяперашнюю сытуацыю можна вырашыць на карысьць народу і дзяржавы Беларусі. Пры неабходнасьці мы адкрытыя да любой дапамогі для спрыяньня гэтаму дыялёгу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG