Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За публікацыю пра пінскую справу сайт «Мэдыя-Палесьсе» аштрафавалі на 5771 рубель


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд абвінаваціў ТАА «МП компані», якое зьяўляецца ўладальнікам «Мэдыя-Палесьсе», у парушэньні п. 2.3 ч. 2 арт. 30-1 Закону «Аб СМІ». Нібыта ў артыкуле «Ў Берасьці пачаўся суд над другой групай абвінавачаных у „пінскай справе“» журналісты парталу распаўсюдзілі недакладную інфармацыю, што «пінскія судзьдзі адмовіліся праводзіць працэс, таму абвінавачаных перавялі ў Берасьце», распаўсюджваньне якой забаронена ў сродках масавай інфармацыі.

Рэдакцыя парталу сьцьвярджае, што артыкул быў надрукаваны на адным з нацыянальных парталаў і перадрукаваны «Мэдыя-Палесьсем», бо тэма актуальная і хвалюючая для жыхароў рэгіёну.

Падкрэсьлівалася, што паехаць у Берасьце, каб асьвятляць судовы працэс над пінчукамі, у журналістаў выданьня не было магчымасьці. Таму яны ўзялі інфармацыю ў калегаў з гіпэрспасылкай на рэсурс.

Рэдакцыя падкрэсьлівае, што цытата «Пінскія судзьдзі адмовіліся праводзіць працэс, таму абвінавачаных перавялі ў Берасьце» належыць маці аднаго з абвінавачаных і, паводле правілаў артаграфіі, узятая ў двукосьсе — гэта выказваньне чалавека, які агучыў сваё меркаваньне.

У выніку судзьдзя Братанава пастанавіла пакараць «Мэдыя-Палесьсе» 199 базавымі велічынямі штрафу (5771 рубель) з 200 магчымых, прадугледжаных інкрымінаваным рэдакцыі артыкулам.

Раней выданьне паведамляла, што суд адпраўляў дакумэнты на юрыдычны адрас, які ТАА «МП компані» зьмяніла яшчэ ў 2020 годзе. У копіі пастановы, дзе таксама значыцца няправільны юрыдычны адрас, адзначаецца, што на судовае пасяджэньне прадстаўнік «МП компані» не зьявіўся, пры гэтым яму паведамілі пра час і месца разгляду справы.

У офісе «Мэдыя-Палесьсе», у дамах галоўнага рэдактара Сьвятланы Гарды і вядучых журналістаў выданьня адбыліся ператрусы, забралі тэхніку і ўсе носьбіты інфармацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG