Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Швайцарыі закрыла расьсьледаваньне, зьвязанае з Магніцкім


Партрэт Сяргея Магніцкага ў руках ягонай маці на акцыі ў Маскве
Партрэт Сяргея Магніцкага ў руках ягонай маці на акцыі ў Маскве

Міжнародны бізнэсовец і інвэстар Біл Браўдэр адрэагаваў на афіцыйнае паведамленьне Фэдэральнай пракуратуры Швайцарыі пра закрыцьцё расьсьледаваньня падазрэньняў аб крадзяжы грошай з расейскага бюджэту.

У сваім твітэры Браўдэр назваў рашэньне «плямай», якая кладзецца на Швайцарыю. Браўдэр адзначае, што швайцарская пракуратура закрыла справу пасьля таго, як адзін зь яе ключавых супрацоўнікаў быў злоўлены з доказамі злачынства пры атрыманьні хабару ад расейскіх прадстаўнікоў — за тое, каб пракуратура заявіла пра адмову ад расьсьледаваньня.

Фэдэральная пракуратура Швайцарыі ў аўторак паведаміла, што на мінулым тыдні закрыла расьледаваньне, якое доўжылася больш за 10 гадоў, па падазрэньні ў адмываньні грошай, выкрадзеных з расейскага бюджэту. У ходзе расьсьледаваньня, як гаворыцца ў паведамленьні, не ўдалося даказаць, што сродкі, якія ёсьць прадметам швайцарскага разбору, былі атрыманыя ў выніку злачынства.

Пры гэтым пракуратура пастанавіла сканфіскаваць каля 4 мільёнаў швайцарскіх франкаў з замарожаных на пачатку сьледзтва на рахунках у Швайцарыі каля 18 мільёнаў, абгрунтаваўшы гэта тым, што «сувязь паміж пэўнымі актывамі, сканфіскаванымі ў Швайцарыі, і злачынствам, учыненым у Расеі, была даказаная».

Як гэты тэзіс спалучаецца з завяршэньнем расьсьледаваньня, з паведамленьня пракуратуры незразумела. Рахункі, як мяркуецца, зьвязаныя з кампаніямі, якія кантралююць расейскія чыноўнікі, датычныя да «справы Магніцкага».

Расьсьледаваньне пачалося ў 2011 годзе па заяве лёнданскай кампаніі Hermitage Capital, заснаванай брытанскім бізнэсоўцам Білам Браўдэрам. Расейскі аўдытар Сяргей Магніцкі супрацоўнічаў з Hermitage Capital і, як сьцьвярджае Браўдэр, выявіў схему крадзяжу з расейскага бюджэту ня менш за 230 мільёнаў даляраў — пасьля чаго быў сам абвінавачаны ў махлярстве і зьмешчаны ў СІЗА, дзе загінуў у 2009 годзе.

У Расеі за сьмерць Магніцкага ніхто не панёс адказнасьці. Браўдэр стаў ініцыятарам прыняцьця ў ЗША і іншых краінах так званых законаў Магніцкага — пра санкцыі супраць парушальнікаў правоў чалавека. Браўдэр, як і многія знаёмыя са справай грамадзкія дзеячы і праваабаронцы, вінавацяць у сьмерці Магніцкага расейскія ўлады — ён цярпеў у СІЗА ад жорсткага абыходжаньня і не атрымліваў неабходнага лячэньня.

  • У паведамленьні швайцарскай пракуратуры гаворыцца, што яна расьсьледавала менавіта сьцьвярджэньне аб адмываньні грошай з расейскага бюджэту ў іншых краінах, а не абставіны гібелі Магніцкага. «Грунтуючыся на сваім шырокім расьсьледаваньні, пракуратура прыйшла да высновы, што няма ніякіх абгрунтаваных падазрэньняў, якія маглі б служыць падставай для выстаўленьня абвінавачаньня ў Швайцарыі», — заявіла пракуратура. Пастанова аб спыненьні расьсьледаваньня можа быць абскарджана ў судзе.
  • Біл Браўдэр летась, атрымаўшы ад пракуратуры ліст пра магчымае закрыцьцё справы, абвінавачваў швайцарскую пракуратуру ў «капітуляцыі перад Расеяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG