Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве палітык Палецкіс асуджаны на шэсьць гадоў за шпіянаж на карысьць Расеі


Вільня, Літва.

У Літве суд прызнаў вінаватым у шпіянажы на карысьць Расеі і асудзіў на 6 гадоў пазбаўленьня волі былога старшыню прарасейскай партыі «Сацыялістычны народны фронт» Альгірдаса Палецкіса.

Як паведамляе Delfi, Генэральная пракуратура прасіла для яго дзевяць гадоў пазбаўленьня волі.

Віленскі прадпрымальнік Дзеймантас Бяртаўскас, які прызнаў сваю віну і даў паказаньні, вызвалены ад крымінальнай адказнасьці.

Палецкіса і яшчэ некалькі чалавек затрымалі ўвосень 2018 году. Паводле Генэральнай пракуратуры Літвы, у пэрыяд зь лютага 2017 году да кастрычніка 2018-га абвінавачаныя дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы з супрацоўнікам расейскай выведкі і іншымі грамадзянамі РФ, адзін зь якіх прызнаны вінаватым у справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году ў Літве. Падазраваныя за грашовае ўзнагароджаньне, як мяркуецца, зьбіралі інфармацыю, якая цікавіла расейскую выведку.

Палецкіс — былы дыплямат і дэпутат Сэйму Літвы. Унук першага старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Літоўскай ССР Юстаса Палецкіса. Сваю віну ён адмаўляў, заяўляючы, што яго перасьледуюць з палітычных матываў. У 2012 годзе яго асудзілі па крымінальнай справе аб «прыніжэньні значнасьці агрэсіі СССР супраць Літоўскай Рэспублікі» — у сувязі зь ягонымі выказваньнямі пра падзеі студзеня 1991 году ў Вільні. Тады яго аштрафавалі на суму каля 3 тысяч эўра.

Як нагадвае «Настоящее время», у чэрвені 2021 году Сэйм Латвіі дазволіў пракуратуры арыштаваць дэпутата ад партыі «Згода» Яніса Адамсанса па падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі.

Служба дзяржаўнай бясьпекі прадставіла дакумэнты аб 43 эпізодах шпіянажу. Паводле вэрсіі сьледзтва, палітык апошнія чатыры гады перадаваў Расеі інфармацыю пра бюджэт арміі, закупкі і ўсходнюю мяжу. Палітык сваю віну адмаўляе. Паводле ягоных слоў, «за ім няма ніякіх грахоў», а адзінымі эпізодамі перадачы інфармацыі былі ягоныя інтэрвію. У рамках ягонай крымінальнай справы ў Латвіі таксама затрымалі грамадзяніна Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG