Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Алеся Гаруна і айца Льва Гарошкі


Алесь Гарун

Падзеі 28 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1914 — Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Сэрбіі, што дало пачатак Першай сусьветнай вайне.

1944 — ад нацысцкай акупацыі вызвалена Берасьце.

1989 — Вярхоўны Савет Латвійскай ССР абвясьціў сувэрэнітэт Латвіі.

2000 — у Катыні ўрачыста адкрыты мэмарыял польскіх і расейскіх ахвяр НКВД.

У гэты дзень нарадзіліся

1943 — нарадзіўся Рычард Райт, клявішнік гурта «Пінк Флойд».

У памяці

1741 — памёр Антоніё Вівальдзі, італьянскі кампазытар.

1750 — памёр Ёган Сэбастыян Бах, нямецкі кампазытар.

1897 — памёр Янка Лучына, беларускі паэт.

1920 — памёр Алесь Гарун, беларускі літаратар.

1977 памёр Леў Гарошка, беларускі рэлігійны дзяяч і навуковец, галоўны рэдактар часопіса «Божым шляхам», архімандрыт грэка-каталіцкай царквы.

Барыс Кіт і айцец Леў Гарошка. Парыж, 1958
Барыс Кіт і айцец Леў Гарошка. Парыж, 1958

Той, каму давялося хоць колькі дзён пражыць пад гасьцінным дахам Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане, пагодзіцца, што прысутнасьць колішняга яе рэктара архімандрыта Льва Гарошкі адчувалася там на кожным кроку.

І ў беларускай грэка-каталіцкай царкве Сьвятых Пятра й Паўла на Holden Road. I ў залях Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны (яе асноваю, дарэчы, сталі кніжныя й рукапісныя зборы айца Льва).
I на лугавіне пры тамтэйшым Доме марыянаў, дзе архімандрыт любіў у вольную пару, успамінаючы юнацтва, шырока памахаць касой.

Ён вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі й Львоўскай духоўнай акадэміі, студыяваў тэалёгію ў Інсбруку, выдаваў беларускі малітоўнік у Рыме, кіраваў лёнданскай Беларускай школай імя Сьвятога Кірылы Тураўскага і Беларускай сэкцыяй Радыё Ватыкан.

Толькі чалавек зласьлівы ці абыякавы назаве ягоны шлях пакручастым. Гэта было плаваньне карабля, які ведае, у якую гавань кіруецца, а таму спадарожныя вятры начуюць у ягоных ветразях.

Асноўнай тэмаю сваіх навуковых дасьледаваньняў Леў Гарошка зрабіў ролю царквы — найперш грэка-аталіцкай — у кансалідацыі й нацыянальным адраджэньні беларусаў, якіх сьвецкія Леў Гарошка і духоўныя ўлады Расеі й Польшчы разглядалі як галоўны аб’ект іх асымілятарскай палітыкі.

Бліскучая адукацыя і валоданьне дзесяцьцю мовамі ўводзілі айца Льва ў асяродзьдзе эўрапейскай духоўнай эліты, дзе ён ніколі не пакутаваў ні на якія застарэлыя беларускія комплексы.

Найлепшым сьведчаньнем гэтаму ёсьць выдаваны ў Парыжы, а затым у Лёндане часопіс «Божым Шляхам», шматгадовым рэдактарам якога быў Гарошка.

Яго зямная сьцежка абарвалася падчас апэрацыі ў парыскім шпіталі.

«Жыў, як леў, а памёр, як ягнё», — пісаў у разьвітальным слове наш біскуп Часлаў Сіповіч.

Дасьціпны востры розум Льва Гарошкі доўжыць сваё жыцьцё ў ягоных кнігах: «Сьвятая Эўфрасіньня Прадслава Полацкая, патронка Беларусі» (Парыж, 1950; Менск, 1996), «Навука і рэлігія» (Рым, 1977), «Пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры» (1954, 1990).

Працуючы над «Імёнамі Свабоды», я зноў і зноў сумоўнічаў з айцом Львом, і гэта штораз рабілася маленькім сьвятам.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. с. 318 — 319.

1997памёр Лявон Луцкевіч, беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог, мэмуарыст.

Вільня, «Лясная хатка». Зьлева направа Лявон Луцкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Дубавец, Зоська Верас. Пачатак 1980-х. Фота Сяргея Астраўцова
Вільня, «Лясная хатка». Зьлева направа Лявон Луцкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Дубавец, Зоська Верас. Пачатак 1980-х. Фота Сяргея Астраўцова

У Вільні быў празрысты кастрычніцкі вечар. Мы спыніліся каля Вострае Брамы — там, адкуль раніцою і пачалося нашае падарожжа, падчас якога я даведаўся, дзе дакладна быў дом Скарынавага фундатара бурмістра Якуба Бабіча, дзе жандары арыштавалі Каліноўскага, дзе месьцілася друкарня Марціна Кухты, дзе жылі Купала і Янка Пазьняк.

Мой спадарожнік і праваднік, у сваіх заўсёдных зухаватым бэрэце і прыцемненых акулярах, працытаваў героя аўтабіяграфічнай аповесьці Максіма Гарэцкага «Мэлянхолія»: «Пішу да цябе зь Вільні, адкуль сьвяціла магутным сьвятлом наша старадаўняя культура...» Я выказаў думку, што мой суразмоўца павінен падтрымаць гэтае сьвятло кнігаю пра беларускую Вільню, бо, бадай, ніхто зь беларусаў ня ведае нашую духоўную Мэку лепей за яго. Тым больш, што ягонае веданьне натхнёнае такой любоўю да кожнай старадаўняй мураванкі.
Я быў усьцешаны, пачуўшы, што кніга ўжо ствараецца.

Майго правадніка звалі Лявон Луцкевіч. Сыну аднаго з бацькоў Беларускай Народнай Рэспублікі, Антона Луцкевіча, лёс ня мог падараваць лёгкага шляху. Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі, падчас Другой усясьветнай вайны ён настаўнічаў, потым стаў афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны. Пасьля працэсу над кіраўніцтвам Беларускай незалежніцкай партыі судзьдзі вызначылі Лявону Луцкевічу пятнаццацігадовы тэрмін. На 25 гадоў калымскіх канцлягераў быў засуджаны родны брат Юрка, сябра той самай партыі.

Вярнуўшыся на волю, спадар Лявон зьвязаў жыцьцё з роднай Вільняй. Ягонай жонкаю была дачка пісьменьніцы Зоські Верас — Галіна, а домам на доўгі час стала знаёмая кожнаму беларускаму нацыяналісту «Лясная хатка».

Лявон Луцкевіч быў адным з тых, хто адраджаў беларускае культурнае жыцьцё ў Вільні пры канцы васьмідзясятых. Ён прычыніўся да стварэньня першай беларускай суполкі «Сябрына», а затым Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Дзядзька Лявон, у той час сябра Рады БНР, вёў беларускія перадачы на Літоўскім радыё і супрацоўнічаў з Радыё Свабода, на чыіх хвалях у аўтарскім выкананьні прагучалі ўсе тэксты з будучай кнігі, пра якую мы гаварылі каля Вострае Брамы.

На жаль, спадар Лявон ужо не патрымаў у руках свае «Вандроўкі па Вільні». Яны ўпершыню выйшлі ў 1998 годзе ў віленскім выдавецтве «Рунь» і застаюцца найлепшай беларускай кнігаю пра нашу колішнюю сталіцу.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне , с. 444 — 445.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG