Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: большасьць украінцаў супраць тэзы Пуціна аб «адным народзе»


55 адсоткаў грамадзянаў Украіны, апытаных сацыялягічным гуртом «Рэйтынг», ня згодныя з тэзісам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра тое, што «рускія і ўкраінцы — гэта адзін народ, які адносіцца да адной гістарычнай і духоўнай прасторы».

Вынікі апытаньня прыводзіць украінская служба Радыё Свабода.

41 адсотак апытаных згодныя з думкай Пуціна.

Сярод апытаных жыхароў усходу Ўкраіны, а таксама вернікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату), з думкаю прэзыдэнта Расеі згодныя больш за 60 адсоткаў. Сярод выбаршчыкаў шэрагу апазыцыйных партый, якія лічацца прарасейскімі — у прыватнасьці, «Апазыцыйнай плятформы — За жыцьцё» Віктара Медзьведчука і Юрыя Бойкі — гэты адсотак яшчэ большы.

Большасьць выбаршчыкаў партыі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага ня згодныя з тэзісам Пуціна. Больш за ўсё нязгодных зь ім — амаль 90 адсоткаў — сярод прыхільнікаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. На захадзе Ўкраіны згодных з Пуціным істотна менш, чым у іншых рэгіёнах.

Прыхільнікі і праціўнікі думкі пра «адзіны народ» амаль раўнамерна прадстаўленыя ва ўсіх узроставых групах. Сярод моладзі (18–29 гадоў) згодных з Пуціным нават крыху больш, чым сярод прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня.

  • Уладзімір Пуцін нядаўна апублікаваў на сайце Крамля на расейскай і ўкраінскай мовах артыкул, у якім выказаў меркаваньне, што рускія і ўкраінцы з пункту гледжаньня іх гістарычнага разьвіцьця, па сутнасьці, зьяўляюцца адным народам. Артыкул выклікаў дыскусію, з думкаю расейскага прэзыдэнта, у прыватнасьці, не пагадзіліся многія ўкраінскія гісторыкі. Ідзе дыскусія таксама аб палітычным сэнсе артыкула Пуціна — расейскі прэзыдэнт у ім, у прыватнасьці, ня стаў браць пад сумненьне сувэрэнітэт Украіны, аднак заявіў, што Масква не дапусьціць ператварэньня Ўкраіны ў «анты-Расею», чаго, на яго думку, дамагаюцца нейкія вонкавыя сілы.
  • Украіна афіцыйна прызнала Расею дзяржавай-агрэсарам з прычыны анэксіі Крыму і баявых дзеяньняў у Данбасе. Большасьць вядучых палітычных сілаў краіны і лідэраў грамадзкай думкі выступаюць супраць тэзы аб «адным народзе», падкрэсьліваюць самабытнасьць украінцаў і права Ўкраіны разьвівацца незалежна ад Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG