Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр гісторык Уладзімер Гуленка, дасьледнік дзейнасьці УПА і Арміі Краёвай у Беларусі


Гісторык Уладзімер Гуленка. Архіўнае фота
Гісторык Уладзімер Гуленка. Архіўнае фота

Уладзімер Гуленка дасьледаваў парамілітарныя фармаваньні, якія дзейнічалі падчас Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі.

Уладзімер Гуленка нарадзіўся ў Кіеўскай вобласьці, ён зь дзяцінства запомніў і запісаў аповеды пра Галадамор. Сям’я гісторыка Ўладзімера Гуленкі пацярпела ад голаду 1932–33 гадоў — тады памерлі чатыры ягоныя цёткі.

Уладзімер Гуленка інстытут закончыў у Камянец-Падольску. Пазьней пераехаў у Беларусь, працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, выкладаў гісторыю ў менскіх ВНУ, дасьледаваў пытаньні парамілітарных фармаваньняў падчас Другой сусьветнай вайны, ваенных дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі.

Памёр у Менску ва ўзросьце 68 гадоў.

Гуленка быў спэцыялістам у тэме ўкраінскіх і польскіх арганізацыяў і фармаваньнях, якія дзейнічалі падчас вайны на тэрыторыі Беларусі. Дасьледаваў гісторыю Ўкраінскай паўстанцкай арміі на тэрыторыі Берасьцейшчыны. Быў адным з укладальнікаў зборніку матэрыялаў на гэтую тэму «АУН-УПА на Беларусі, 1939–1953 гг.: Дакумэнты і матэрыялы».

Зборнік, які падрыхтаваў Уладзімер Гуленка разам з суаўтарамі
Зборнік, які падрыхтаваў Уладзімер Гуленка разам з суаўтарамі

Паводле Ўладзімера Гуленкі, ліквідацыя УПА ў Беларусі пасьля вайны зацягнулася амаль на дзесяць гадоў. Толькі ў 1944–1946 гадах украінскія паўстанцы ўчынілі ў Беларусі каля 2400 дывэрсіяў і тэрарыстычных актаў.

Паводле падлікаў спадара Гуленкі, летам 1944 году на тэрыторыі сучаснай Беларусі ваявалі 14 000 салдатаў УПА. Вывучаў ён і дзейнасьць на беларускай тэрыторыі чырвоных партызанаў і Арміі Краёвай.

«На сьцягах кожнага ўдзельніка тых падзеяў няправеднай крыві нязьмерана... Ня трэба ідэалізаваць ніводнага з бакоў: УПА, Арміі Краёвай, чырвоных партызанаў ці немцаў. Крыві шмат. Часьцей за ўсё гэта кроў невінаватых людзей. Навука з гэтага палягае ў тым, што палітыкі павінны быць разумнейшымі і не прыводзіць да такіх канфліктаў... Цяпер гэтая тэма вельмі палітызаваная, ёю спэкулююць, і пэўныя сілы хацелі б ёю пасварыць народы», — такую выснову са сваіх дасьледаваньняў даў Уладзімер Гуленка ў інтэрвію ВВС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG