Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Зьмітра Саўкі


Мовазнаўца Зьміцер Саўка

Падзеі 26 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1097 — у «Аповесьці мінулых гадоў» упершыню згадваецца горад Пінск.

1511 — Наваградак атрымаў магдэбурскае права.

1956 — прэзыдэнт Эгіпту Гамаль Абдэль Насэр абвясьціў нацыяналізацыю Суэцкага каналу.

1957 — СССР запусьціў першую шматступенчатую міжкантынэнтальную балістычную ракету.

1997 — у Менску адбыўся другі зьезд беларусаў сьвету.

У гэты дзень нарадзіліся

1856 — Бэрнард Шоў, брытанскі і ірляндзкі драматург.

1875 — Карл Густаў Юнг, швэйцарскі псыхааналітык.

1875 — Марцін Кухта, друкар, выдавец кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.

Марцін Кухта
Марцін Кухта

​1896 — Уладзімер Варава, беларускі пісьменьнік і журналіст.

1949 — Марыя Мацюкевіч, беларуская настаўніца.

Безь яе будзе няпоўнай гісторыя Таварыства беларускай мовы, салігорскую арганізацыю якой Марыя Мацюкевіч узначальвала болей за дзесяць гадоў, зрабiўшы яе, вiдаць, найактыўнейшай у цэлай краiне.

Яна правяла для вучняў і землякоў сотні сустрэчаў зь літаратарамі, гісторыкамі, мастакамі, прычым кожная мела таленавіты сцэнар і пакідала перакананьне, што твая праца — патрэбная.

Уласным коштам Марыя выпускала папулярную ў шахтарскім горадзе газэту «Рагнеда» зь літаратурным дадаткам. Дзякуючы ёй была перавыдадзеная асобнай кніжкай паэма Лявона Случаніна «Рагнеда».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 496–497.

1952 — Генадзь Кулажанка, беларускі гісторык.

Кулажанка быў начыста пазбаўлены генаў сэрвільнасьці й лёкайства, а вось генамі авантурнасьці быў надзелены занадта шчодра. Ён лічыў, што на вышэйшай пасадзе чалавек здольны больш пасьпяхова ажыцьцяўляць свае ідэі. Дзеля кар’ернага росту пайшоў працаваць у камсамол, а потым папрасіўся ў Аўганістан — дарадцам у справах моладзі. Неўзабаве я атрымаў ліст з прызнаньнем зробленага ўчынку памылкай. Карыстаючыся недасьведчанасьцю армейскага цэнзара, Генадзь пытаўся ў мяне, што рабілі б продкі, каб у час Грунвальду хтосьці прыехаў да іх на танках будаваць сацыялізм.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 332–333.

1965 — Зьміцер Саўка, беларускі філёляг і мовазнаўца.

Зьміцер Саўка знайшоў пакліканьне ў філялёгіі, стаўшы ў гэтай сфэры, часам казалі, «акадэмікам бяз званьня». Дзе б ён ні працаваў — выкладчыкам у Лінгвістычным унівэрсытэце, стыль-рэдактарам на Радыё Рацыя, на тэлеканале «Белсат» (там з 2006-га Саўка кіраваў моўнаю службай) — паўсюль здольны быў разьвязаць любое найскладанейшае пытаньне, ствараў канон.

Ён мог плённа рабіць сваю справу ў камандзе, сьведчаньнем чаго сталіся кнігі «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве зь Вітаўтам Кіпелем) і «Беларускі клясычны правапіс» (зь Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам і Зьмітром Санько). Праз тры гады пасьля сыходу Саўкі выйшла ягоная 600-старонкавая кніга «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы» — вынік шматмесяцавай працы ў ЗША. У яго спадчыне і сэрвіс праверкі правапісу «Добрапіс».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 686–687.

У памяці

1931 — памёр Міхал Пятроўскі, беларускі хадэцкі дзяяч, каталіцкі сьвятар, прыхільнік беларусізацыі касьцёлу ў Беларусі.

1933 — памёр Францішак Грынкевіч, ксёндз, беларускі каталіцкі дзяяч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG