Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ назваў памылкай інфармацыю, што кіраўніцтва арганізацыі пакінула Беларусь


Кангрэс БАЖ у Менску, 16 красавіка 2021 году

Саюз журналістаў Нямеччыны абураны плянамі ліквідацыі БАЖ. Ён патрабуе гарантыяў бясьпекі для сваіх калег і заклікае не аслабляць санкцыі супраць Лукашэнкі. Аднак нямецкія журналісты памылкова паведамілі, што кіраўніцтва БАЖ вымушанае было ратавацца ўцёкамі зь Беларусі.

Саюз журналістаў Нямеччыны (DJV) выказвае пратэст у сувязі з плянаваным роспускам Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Адпаведная заява была апублікаваная ў чацьвер, 22 ліпеня, у Бэрліне. Пра гэта інфармуе DW.

За ўзмацненьне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Гаворка ідзе пра «чысткі», а ў дачыненьні да журналістаў і няўрадавых арганізацый — пра «непажаданыя элемэнты», гаворыцца ў апублікаваным DJV паведамленьні для прэсы.

Так саюз адрэагаваў на інфармацыю, якая паступае зь Беларусі, аб тым, што Міністэрства юстыцыі краіны падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі БАЖ.

Зьвяртаючыся да Эўракамісіі і ўраду Нямеччыны, кіраўнік Нямецкага саюзу журналістаў Франк Ібэраль заклікаў іх не аслабляць санкцый, ужо ўведзеных супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. «Гэта самы дзейсны спосаб прымусіць менскага самадзержца саступіць», — падкрэсьліў ён.

БАЖ аспрэчвае недакладнасьць

Аднак нямецкія журналісты памылкова паведамілі, што кіраўніцтва БАЖ вымушанае было ратавацца ўцёкамі зь Беларусі. Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ў гутарцы са Свабодай зьняпраўдзіў гэта: некаторыя кіраўнікі зьехалі ў плянавы летні адпачынак, але зьбіраюцца вяртацца і аспрэчваць у судзе папярэджаньне, якое БАЖу вынес Мін'юст.

Прэтэнзі Мін'юсту

У папярэджаньні, сярод іншага, гаворыцца, што кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў не даставіла на праверку неабходныя дакумэнты, з чаго паўсталі пытаньні адносна дзейнасьці арганізацыі. Міністэрства юстыцыі падало пазоў у Вярхоўны суд аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ператрус у офісе БАЖ 16 лютага 2021 году
Ператрус у офісе БАЖ 16 лютага 2021 году

У адказ БАЖ нагадвае, што 14 ліпеня менскі офіс быў разгромлены і апячатаны супрацоўнікамі МУС — паўторна ў гэтым годзе. У кіраўніцтва няма доступу да статутных дакумэнтаў, пячаткі і дамоваў арэнды, згаданых у папярэджаньні. Нават невядома, якія рэчы вывезеныя.

Першы ператрус у офісе БАЖ прайшоў 16 лютага. Пасьля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі ў Сьледчы камітэт для допытаў, офіс быў апячатаны цягам месяца. 21 чэрвеня стала вядома, што дзейнасьць БАЖ і іншых НДА правярае Міністэрства юстыцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG