Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай адмовіўся ўдзельнічаць у расьсьледаваньні САЗ аб паходжаньні SARS-CoV-2


Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік кіраўніка Дзяржаўнага камітэту гігіены і здароўя КНР Цзэн Ісінь абвінаваціў САЗ у пагардзе да здаровага сэнсу і ў высакамерным стаўленьні да навукі.

Пра гэта інфармуе DW.

Кітай рэзка раскрытыкаваў Сусьветную арганізацыю аховы здароўя (САЗ) у сувязі з заплянаванай ёю праверкай лябараторый ў КНР у рамках далейшага расьсьледаваньня паходжаньня каранавірусу SARS-CoV-2.

Намесьнік кіраўніка Дзяржаўнага камітэту ў пытаньнях гігіены і аховы здароўя КНР Цзэн Ісінь заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Пэкіне ў чацьвер, 22 ліпеня, што «вельмі зьдзіўлены» гэтым крокам, і абвінаваціў САЗ у «пагардзе да здаровага сэнсу і высакамерным стаўленьні да навукі».

16 ліпеня ў Жэнэве кіраўнік САЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус заклікаў правесьці інспэкцыю лябараторый ў Кітаі ў рамках другога этапу расьсьледаваньня прычын паходжаньня SARS-CoV-2.

«Незалежная экспэртная праверка адпаведных лябараторый і дасьледчых цэнтраў» павінны стаць прыярытэтам у расьсьледаваньні, сказаў Гебрэесус.

Вэрсія лябараторнай выцеку вірусу зноў актуальная

Неўзабаве пасьля пачатку пандэміі зьявіліся здагадкі, што ў выніку нейкага здарэньня вірус зь лябараторыі Ўханьскага інстытуту вірусалёгіі, дзе праводзяць дасьледаваньні каранарных вірусаў, мог выпадкова трапіць у навакольнае асяродзьдзе. Улады КНР катэгарычна адмаўляюць такую верагоднасьць.

У студзені 2021-га, больш чым праз год пасьля выяўленьня вірусу, міжнародная група экспэртаў змагла пабываць на даручэньне САЗ ва Ўхані. Яе справаздача была апублікаваная ў канцы сакавіка, але там не было ніякіх дакладных вынікаў візыту навукоўцаў.

Тэорыю лябараторнага паходжаньня каранавірусу навукоўцы клясыфікавалі тады як «вельмі малаімаверную». Значна больш імаверна, што вірус SARS-CoV-2 перайшоў да чалавека ад кажана праз жывёлу, якая зьяўляецца прамежкавым гаспадаром новага вірусу, заявілі экспэрты.

Аднак адносна апублікаванай справаздачы хутка паўсталі сумневы. Многія краіны выказалі занепакоенасьць тым, што экспэрты САЗ атрымалі адмову ў доступе да дадзеных падчас іх расьсьледаваньня ў Кітаі. Заяву, што вэрсія аб выцеку зь лябараторыі была выключаная заўчасна, зрабіў на мінулым тыдні і Тэдрас Аданом Гебрэесус.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG