Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з Мадлен Олбрайт, а таксама абмеркавала дапамогу беларускім мэдыя


Мадлен Олбрайт, архіўнае фота

З Мадлен Олбрайт яны пагаварылі аб падзеях ў Беларусі, неабходнасьці падтрымліваць мэдыя і працягваць шлях да свабоднай Беларусі.

«Запрашэньне сустрэцца было ад Мадлен Олбрайт», — паведамляе ТГ-канал Сьвятланы Ціханоўскай. Ціханоўская падзякавала Мадлен Олбрайт за падтрыманьне і дасьведчанасьць у беларускай сытуацыі: «Я заўсёды кажу, што я не прафэсійны палітык, але мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі. І зараз Мадлен — адна з іх. Я ўдзячная ёй за гэтую цёплую сустрэчу», — сказала Ціханоўская.

  • Мадлен Олбрайт увайшла ў гісторыю як першая жанчына на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША. Яна працавала пастаяннай прадстаўніцай ЗША пры ААН, дарадцай прэзыдэнта Біла Клінтана, кіравала праграмай «Жанчыны ў замежнай палітыцы», была дыпляматычнай і цьвёрдай адначасова. Олбрайт заўсёды дзейнічала сьмела і рашуча там, дзе гэта неабходна, за што яе і празвалі «жалезнай жанчынай».

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася таксама з кіраўніцай Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) Келай Чао. Гэтае агенцтва каардынуе працу «Голасу Амэрыкі», Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFERL), «Настоящего времени».

Яна расказала пра зьнішчэньне рэжымам незалежных СМІ ў Беларусі як спробу стварыць інфармацыйны вакуўм у краіне. Заявіла, што робіць усё магчымае для вызваленьня журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў «Свабоды» Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Інэсы Студзінскай. Заклікала надаць падтрымку беларускім журналістам, уключаючы тэхнічнае абсталяваньне, павелічэньне штату, рэлякацыю. Таксама прапанавала запусьціць службу «Голасу Амэрыкі» для Беларусі, што стане «магутным сыгналам беларусам з боку ЗША і створыць дадатковую крыніцу інфармацыі пра тое, як іншыя краіны падтрымліваюць Беларусь, — у адказ на прапаганду рэжыму».

Гэтыя пытаньні Сьвятлана Ціханоўская таксама падымала на сустрэчах зь дзяржаўным сакратаром Блінкенам і іншымі палітыкамі.

  • Візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША пачаўся 18 ліпеня. У яе праходзяць сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартамэнце і Белым доме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG