Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў ААЭ стаць пасярэднікам у перамовах з Захадам


Лукашэнка ў час інтэрвію Sky News Arabia 19 ліпеня 2021
Лукашэнка ў час інтэрвію Sky News Arabia 19 ліпеня 2021

Раней Лукашэнка адкідаў ідэю перамоваў з заходнімі краінамі, якіх ён вінаваціць у дэстабілізацыі.

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць наладжваньня дыялёгу афіцыйнага Менску з заходнімі краінамі з дапамогай пасярэднікаў, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што пасярэдніцтва ня любіць, аддае перавагу размове бязь іх, каб не было скажэньняў. Гэта ён прамовіў у поўнай вэрсіі інтэрвію каналу Sky News Arabia, якую паказалі на «Беларусь-1» увечары 21 ліпеня.

«Але калі, паважаны Імада (галоўны рэдактар навін каналу Sky News Arabia Імада аль-Атраш. — заўв. БелаПАН.), твая краіна будзе пасярэднікам у гэтым дыялёгу, я не адмоўлюся, бо гэта аб’ектыўныя людзі, сумленныя і прыстойныя. Таму калі эўрапейцы прымаюць вашу прапанову да дыялёгу і пасярэдніцтва, то Эміраты маглі б стаць такім пасярэднікам. Я — за», — сказаў Лукашэнка.

Раней Лукашэнка адмаўляўся ад пасярэдніцтва Захаду ў арганізацыі дыялёгу з дэмакратычнымі сіламі і выхадзе на новыя выбары пад наглядам АБСЭ.

Аднак у гэтым жа інтэрвію Лукашэнка працягнуў абвінавачваць ЗША і Эўразьвяз у дэстабілізацыі становішча ў Беларусі.

«За правакацыямі, перш за ўсё, гэта абсалютна вядома, стаяць ЗША, іх спэцслужбы і ня толькі. Краіны, зь якіх ажыцьцяўляецца выкананьне гэтых мерапрыемстваў, — гэта Літва, часткова Латвія, перш за ўсё Польшча і Ўкраіна. Апошнім часам мы бачым кіраваньне тэрарыстамі, якія дзейнічаюць у Беларусі, з боку Нямеччыны».

Дзяржавы Эўрапейскага зьвязу ён назваў «каляніяльнымі», а адносіны ЗША з эўрапейскімі краінамі ахарактарызаваў як «адносіны гаспадара з падначаленымі калёніямі». Таксама Лукашэнка заявіў, што з краінамі ЭЗ «немагчыма па законе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG