Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня суд, а паказальнае пакараньне». Што адбываецца на працэсе ў «справе Ціханоўскага»


Закрыты суд у Гомельскім СІЗА: судзяць Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова. 24 чэрвеня 2021 году
Закрыты суд у Гомельскім СІЗА: судзяць Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова. 24 чэрвеня 2021 году

У будынку СІЗА-3 у Гомлі ў закрытым рэжыме судзяць вядомых блогераў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча, апэратара Арцёма Сакава, адміністратара сацыяльных сетак Дзьмітрыя Папова і палітыка Міколу Статкевіча.

У дні судовых працэсаў — з аўторка па пятніцу — Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка, «дзяжурыць» пад мурамі гомельскай турмы. За ёй, па яе словах, назіраюць «супрацоўнікі ў цывільным». Цяпер яны не спрабуюць затрымаць Дар’ю ці пагражаць ёй, не праганяюць ад турмы, а пытаюцца пра яе справы і спрабуюць заводзіць гутаркі «за жыцьцё».

«У лісьце Ігар на здароўе ня скардзіцца, але настрой у яго жахлівы… Ён піша, што вельмі мала атрымлівае лістоў з тае пары, як пачаўся суд. Я мяркую, што лісты проста не аддаюць. Гэта такая форма псыхалягічнага ціску: „Пра цябе ніхто ня памятае, табе ніхто ня піша“. У нас ня першы раз такое. Дзівіцца іх паводзінам ня варта. Для іх гэта „нармальна“. У лістах Ігар слова „суд“ ужывае толькі ў двукосьсі і піша, што гэта ня суд, а судзілішча, ці паказальнае пакараньне. Канкрэтна пра суд ён нічога ня піша, а каб і пісаў — такі ліст да мяне наўрад ці дайшоў бы праз цэнзараў», — расказала Дар’я Лосік.

Адвакаты фігурантаў — пад падпіскай аб неразгалошваньні, таму акалічнасьці працэсу невядомыя. Дар’я Лосік ня хоча нешта выведваць у адвакатаў, каб «не падстаўляць іх». Бо апошнім часам многія беларускія адвакаты, якія ўдзельнічалі ў палітычных справах, былі пазбаўленыя ліцэнзій.

«Закрыты суд бароніць людзей, якія ўзялі на сябе карныя функцыі»

Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, зазначае, што лісты пачалі ісьці, але ня ўсе.

«Літаральна прарваліся некаторыя лісты ад Міколы. Ён пасьлядоўны ў сваіх дзеяньнях — напісаў заяву, што ня будзе прысутнічаць на пасяджэньнях, і не прысутнічае. Ён піша, што, магчыма, яго прывядуць на судовыя спрэчкі ў спадзяваньні, што ён нешта захоча сказаць — пасьля гэтых словаў ён паставіў смайлік.

Нягледзячы на сьпёку, так і не прынялі вэнтылятар для яго, як і тэлевізар. Многія выданьні, на якія я падпісала Міколу, не даходзяць да яго — ствараюць інфармацыйную блякаду. Але нейкая інфармацыя прабіваецца скрозь муры.

Ён ведае пра ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў. Хоць ён ня ведае слова „зачыстка“, але лічыць, што ператрусы і арышты — выкананьне пагрозаў на адрас грамадзянскай супольнасьці, якія агучваў Макей. Мікола ж выказвае надзею, што сытуацыя будзе супрацьлеглая той, на якую спадзяюцца людзі, якія займаюцца „зачысткай“ і яе ідэалягічным абгрунтаваньнем. У арганізацый грамадзянскай супольнасьці ёсьць замежныя партнэры, якія маўчаць ня будуць», — кажа Марына Адамовіч.

Яна дагэтуль ня ведае — хто судзьдзя, хто абвінаваўца на працэсе. «Абласны суд абгрунтаваў закрытасьць меркаваньнямі бясьпекі. Каго яны бароняць? Тых людзей, якія ўзялі на сябе карныя функцыі?» — кажа жонка палітыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG