Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб'яднаньне «Зьвяно» прайграла суд Міністэрству юстыцыі


Кіраўніца «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская.
Кіраўніца «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская.

Менскі гарадзкі суд адмовіў у задавальненьні скаргі грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» да Міністэрства юстыцыі. Пазоўнікі дамагалася адмены папярэджаньня, якое ведамства вынесла ў чэрвені, бо гэта пагражае закрыцьцём.

Папярэдняе паседжаньне адбылося 13 ліпеня. Тады ў некаторых пазыцыях упаўнаважаныя прадстаўнікі паразумеліся, але канчатковага прымірэньня не адбылося. Праз тыдзень суд канчаткова заняў бок Міністэрства юстыцыі.

Раней дзяржаўнае ведамства агучыла чатыры прэтэнзіі да «Зьвяна», дзейнасьць якога была спаралізаваная пасьля зачыненай выставы ў гонар мэдыкаў «Машына дыхае, а я — не». Кіраўніца арганізацыі Тацяна Гацура-Яворская 10 дзён правяла ў СІЗА № 1 Менску і цяпер пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Па-першае, патрабавалі падаць дакумэнты, якія пасьля закрыцьця фотавыставы былі экспрапрыяваныя і дагэтуль застаюцца ў Сьледчым камітэце.

Па-другое, на сайце нібыта пазначаная задача, якой няма ў статуце (пазьней гэтую прэтэнзію зьнялі).

Па-трэцяе, што нібыта не далі ўсяе патрэбнае інфармацыі, якую запатрабавала Міністэрства юстыцыі ад грамадзкіх арганізацый.

Па-чацьвёртае, «Зьвяно» ня мела права праводзіць маніторынгі, бо статутам арганізацыі такая дзейнасьць не прадугледжаная.

Асноўныя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі Менскі гарадзкі суд палічыў абгрунтаванымі.

У чэрвені, калі «Зьвяно» атрымала папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі, праваабаронцы ўспрынялі яго як пагрозу закрыцьця. Празь некалькі дзён Тацяна Гацура-Яворская выступіла з заклікам падтрымаць «Зьвяно» ўступленьнем у шэрагі арганізацыі. За месяц дадалося больш за 100 новых сяброў.

Барацьба за выжываньне «Зьвяна» працягваецца, але лёс арганізацыі няпэўны, падсумавала Тацяна Гацура-Яворская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG