Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На літоўскай мяжы затрымалі яшчэ 41 мігранта зь Беларусі

Група затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў, чэрвень 2021
Група затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў, чэрвень 2021

Усяго з пачатку 2021 году на мяжы зь Беларусьсю літоўскія памежнікі затрымалі 2158 нелегальных мігрантаў.

Паводле памежнай службы Літвы, гэтая лічба ў 26 разоў перавышае паказчык 2020 году. Толькі ў ліпені літоўскія памежнікі затрымалі 1497 мігрантаў. У чэрвені — 473, у траўні — 77, у красавіку — 70, у сакавіку — 8.

Сярод агульнай лічбы затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 1153 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 182 грамадзян Конга, 121 — Камэруну, 78 — Гвінэі, 70 — Ірану, затрымлівалі і грамадзян іншых дзяржаў.

Большая частка затрыманых імкнецца празь Літву трапіць у краіны Заходняй Эўропы. У папярэднія дні мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу з тэрыторыі Беларусі, затрымлівалі і ў Польшчы, але 20 ліпеня Памежная варта краіны не інфармуе пра выпадкі нелегальнай міграцыі.

9 ліпеня Літва пачала ўзводзіць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн эўра.

Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу непасрэдна датычныя беларускія ўлады. Гэтага ў Менску не аспрэчвалі, спасылаючыся на вымушанае скарачэньне выдаткаў на ахову мяжы ў сувязі з заходнімі санкцыямі. Аляксандар Лукашэнка сказаў у бок Літвы пра наркотыкі і мігрантаў: «Самі будзеце іх есьці і лавіць».

Аднак 19 ліпеня ў інтэрвію тэлеканалу Sky News Arabia Лукашэнка ўжо адпрэчыў абвінавачаньні ў спрыяньні дастаўцы мігрантаў на літоўскі бок. Ён заявіў, што да міграцыйнага крызісу нібыта датычныя «групоўкі людзей злачыннага характару», якія знаходзяцца ў самой Літве. А таксама заявіў, што гатовы дапамагчы Літве ў гэтай барацьбе, «але не задарма».

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс назваў словы Лукашэнкі «шантажом», дадаўшы, што Літва «не разьлічвае на штосьці іншае ад тэрарыстычнага рэжыму» ў Менску.

XS
SM
MD
LG