Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе аб падпале танка пракурор просіць 10 гадоў калёніі


Ягор Міхайлаў
Ягор Міхайлаў

26-гадоваму менчуку пагражае буйны тэрмін за падпал танка, які дзяржканалы называлі «фэйкам».

19 ліпеня ў суд да Ягора Міхайлава выклікалі хуткую праз дрэнны стан яго здароўя. Але пасьля мэдычнай дапамогі суд працягнуўся.

Справу разглядае судзьдзя Алена Бушава, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівае памочнік пракурора Фрунзэнскага раёну Дзьмітры Хаваўка. 19 ліпеня бок абвінавачаньня запытаў у судзьдзі 10-гадовы тэрмін зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму для падсуднага.

Справа разглядаецца ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску ад 8 ліпеня. Дзеяньні падсуднага, 26-гадовага менчука Ягора Міхайлава кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму).

Яго абвінавачваюць у падпале танка Т-72 у вайсковым эшалёне на чыгуначнай станцыі «Азярышча» ў Сьцяпянцы. Нібыта ён кінуў у яго «кактэйль Молатава» з надпісам «ОГСБ» уначы 31 студзеня.

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Міхайлаў зрабіў гэта праз «свае палітычныя погляды», але сам абвінавачаны адмаўляе гэта на судзе. Відэа палаючага танка зьявілася ў інтэрнэце на пачатку лютага, але дзяржаўныя СМІ назвалі яго фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны танк. Патрулі вайскоўцаў у ноч падпалу нават не заўважылі ўзгараньня.

Міхайлаў прызнаў віну часткова: ён прызнаўся, што зьдзейсьніў падпал, але не пагадзіўся з кваліфікацыяй свайго дзеяньня і тым, што гэта было зроблена з палітычных матываў.

Адвакат Міхайлава ў спрэчках падкрэсьліў, што ўзгараньня танка не было, а была толькі ўспышка. Акрамя таго, Міхайлаў на судзе расказваў, што зрабіў «кактэйль» такім чынам, каб не нанесьці танку вялікай шкоды. Усе паказаньні сьведак заснаваныя на здагадках, прамых доказаў таго, што вайскоўцы рэальна напужаліся, не было. Абаронца прасіў суд перакваліфікаваць дзеяньні Міхайлава з ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму) на арт. 339 (злоснае хуліганства).

«Як сказаў мой адвакат пры праверцы паказаньняў на месцы, контраразьведчык шукаў вайскоўцаў 20 хвілін! Іншы б наогул не знайшоў. Таксама пракурор уводзіць у зман, калі кажа, што да чыгуначнай станцыі 70 мэтраў. Але потым адвакату кажа, што дадзенае відэа нічога ня значыць, бо зроблена за 400 мэтраў ад танка. Наконт самога пракурора: ніводнага пытаньня, якое б не наводзіла на адказ запалоханым сьведкам-вайскоўцам, ён не называў. Абсалютна ўсе пытаньні былі навадныя. А гэта забаронена», — сказаў падсудны ў апошнім слове.

Міхайлаву на судовых перапынках не даюць есьці «ссабойкі». У пятніцу праз дрэнны стан здароўя яго наогул не прывезьлі на працэс, а 19 ліпеня ў суд выклікалі хуткую.

Прысуд Ягору Міхайлаву абвесьцяць 26 ліпеня ў 12 гадзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG