Паводле інфармацыі сям’і Вэстэргара, мастак памёр пасьля працяглай хваробы. Пра гэта напісала дацкае выданьне Berlingske.
З пачатку 1980-х гадоў Курт Вэстэргар супрацоўнічаў з кансэрватыўнай газэтай Jyllands-Posten. Менавіта на яе старонках ў 2005 годзе зьявілася 12 карыкатур на Мухамэда, на адной зь якіх прарок быў намаляваны ў турбане ў выглядзе бомбы з падпаленым кнотам. Мусульмане, для многіх зь якіх зьмяшчэньне самой выявы Мухамэда лічыцца табу, палічылі публікацыю малюнкаў абразьлівай.
Раззлаваныя вернікі пачалі атакаваць дацкія дыпляматычныя місіі па ўсім сьвеце. Кульмінацыя гэтых падзей прыпала на люты 2006 году. У выніку пагромаў загінулі дзясяткі людзей. Пратэсты былі і ў самой Даніі, урад якой атрымліваў скаргі ад амбасадараў краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам.
У студзені 2015 году 12 чалавек забілі пры нападзе ў Парыжы на рэдакцыю францускага сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo, які перадрукаваў малюнкі з Jyllands-Posten.
Самому Курту Вэстэраору пасьля зьяўленьня карыкатур некалькі разоў пагражалі, былі спробы замаху на яго. У 2008-м дацкія спэцслужбы абвясьцілі пра арышт траіх удзельнікаў змовы, якія плянавалі забойства мастака. Праз два гады ў доме Вэстэргара быў схоплены 28-гадовы самаліец з нажом, які пазьней атрымаў 9 гадоў турмы за спробу забойства і тэрарызм.
Апошнія гады жыцьця Курт Вэстэргар быў вымушаны жыць пад аховай пад сакрэтнымі адрасамі. У інтэрвію агенцтву Reuters у 2008 годзе мастак сказаў, што не шкадуе пра тое, што зрабіў. На думку Вэстэргара, карыкатуры выклікалі важную дыскусію пра месца ісламу ў заходніх краінах зь іх сьвецкімі каштоўнасьцямі.
У Беларусі газэта «Згода» ў 2006 годзе перадрукавала карыкатуры на прарока Мухамэда, якія зьявіліся ў некаторых сусьветных СМІ. Улады завялі палітычную справу, у якой адказнага рэдактара Аляксандра Зьдзьвіжкова абвінавацілі ў «распальваньні расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасьці».
У студзені 2008 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў журналісту тры гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта быў самы жорсткі прысуд у сьвеце за карыкатуры на прарока Мухамэда. У лютым 2008 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў касацыю журналіста і зьменшыў пакараньне да трох месяцаў арышту.