Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет бясьпекі: уводзіць ваеннае становішча ў Беларусі пакуль што няма падставаў


Паседжаньне Савету бясьпекі, ілюстрацыйнае фота
Паседжаньне Савету бясьпекі, ілюстрацыйнае фота

Паводле намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Рахманава, для ўвядзеньня ў краіне надзвычайнага або ваеннага становішча падставаў на гэты момант няма.

«Зьмены ў закон аб надзвычайным, ваенным становішчы і Ўзброеных сілах — гэта чарговы, пасьлядоўны крок у частцы ўдасканаленьня нашага нацыянальнага заканадаўства, — адзначыў чыноўнік у эфіры тэлеканалу АНТ. — Сутнасьць гэтых крокаў — выпрацаваць мэханізмы, альгарытмы паводзінаў, каб заканадаўства было гатова абараніць нашых грамадзян ад любых рызыкаў, выклікаў і пагрозаў, адкуль бы яны не ішлі».

Па словах Аляксандра Рахманава, надзвычайнае і ваеннае становішча — гэта крайняя ступень рэакцыі на тую ці іншую надзвычайную сытуацыю. Аднак цяпер такіх абставінаў няма і дзяржаўнымі органамі «прымаюцца захады, каб яны не надышлі».

«Дзяржавай робяцца захады, каб не дапусьціць разьвіцьця таго ці іншага нэгатыўнага працэсу або зьявы ў грамадзтве, на нейкім аб’екце або сярод групы людзей да таго моманту, калі ён стане падставай для ўвядзеньня надзвычайнага або ваеннага становішча. Адштурхоўваючыся ад рэалій, паводле працэдуры прадугледжана ўнясеньне указу прэзыдэнта аб аб’яўленьні рэжыму надзвычайнага становішча. Там будуць прапісаныя толькі тыя абмежавальныя меры, якія рэальна дазволяць справіцца з нэгатыўнай сытуацыяй і аднавіць мір і парадак у грамадзтве».

15 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях абароны сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Сярод іншага канкрэтызуецца, што да беспарадкаў адносяцца спробы гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, узброены мяцеж, масавыя беспарадкі, міжнацыянальныя і міжканфэсійныя канфлікты і г. д.

Пералік надзвычайных мераў і часовых абмежаваньняў дапаўняецца прыпыненьнем выпуску і распаўсюду прадукцыі СМІ (у тым ліку замежных), усталяваньнем асаблівага парадку акрэдытацыі журналістаў, абмежаваньнем доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Адзначаецца, што дадаткі распрацаваныя «з улікам практыкі рэагаваньня на беспарадкі ў 2020 годзе».

Да вырашэньня ўнутраных канфліктаў узаконена прыцягненьне арміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG