Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад навальнічнага фронту ў Беларусі пацярпеў 21 населены пункт. Адну дзяўчыну забіла маланка


Залева ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Залева ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

З прычыны праходжаньня 17 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 24 мэтраў за сэкунду пацярпеў 21 населены пункт у Гарадзенскай і Менскай абласьцях, паведамляе МНС.

У выніку ўдару маланкі ў дрэва ў вёсцы Ельніца Менскага раёну, побач з возерам Стайкі, загінула дзяўчына 1996 года нараджэньня і траўмаваныя чатыры маладыя чалавекі (1992, 1993, 1995 і 1996 гадоў нараджэньня).

Пашкоджаны дахі сямі жылых дамоў і сямі сельскагаспадарчых будынкаў. Зафіксавана 49 выпадкаў падзеньня дрэваў.

У выніку падзеньня дрэваў на чыгуначныя рэйкі адбылася затрымка ў руху трох пасажырскіх цягнікоў на перагонах Куранец — Маладэчна ў Вялейскім і Вялейка — Маладэчна ў Маладачанскім раёнах Менскай вобласьці. Затрымка працягвалася ад 7 хвілін да 2 гадзін.

У Горадні ў выніку залеваў былі падтопленыя шэсьць участкаў дарог. Абваліўся мост, у адкрыцьці якога меўся ўдзельнічаць Лукашэнка.

У Менску з 17.50 да 20.00 выпала 19 мм ападкаў (пры сярэднямесячнай норме 89 мм). Былі падтопленыя пяць участкаў дарог у Савецкім і Першамайскім раёнах. Адбылося прыпыненьне руху 20 аўтобусных, 15 тралейбусных і 5 трамвайных маршрутаў. Затрымка працягвалася ад 17 хвілін да 3 гадзін 34 хвілін, пакуль работнікі МНС і іншых арганізацый адпампоўвалі ваду, расьпілоўвалі і прыбіралі зваленыя дрэвы.

На працягу сутак на тэрыторыі краіны пэрыядычна парушалася электразабесьпячэньне у 532 населеных пунктах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG