Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» зьехаў зь Беларусі


Журналіст Раман Васюковіч у судзе

Раман Васюковіч, беларускі карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время», зьехаў з краіны. Цяпер ён знаходзіцца ў Тбілісі. Пра гэта Раман расказаў у эфіры праграмы «Вечар».

«Вельмі складана стала працаваць журналістам у Беларусі, гэта не сакрэт. І або апынуцца ў турме, альбо зьяжджаць, — расказаў Раман. — Пару тыдняў таму я атрымаў чарговую позву ў міліцыю, я пайшоў разам з адвакатам у аддзяленьне — мне пашанцавала выйсьці з гэтага РУУС. Але мне далі зразумець, што сочаць за маёй працай, за мной у цэлым, за мной як за карэспандэнтам „НВ“. Было відавочна, што калі ня зьехаць, то я мог бы апынуцца ў сьпісе тых журналістаў, хто трапіў пад рэпрэсіі сёньня. Адным словам, далі зразумець, што можна апынуцца ў СІЗА».

Суд у Менску 6 ліпеня аштрафаваў Васюковіча на 870 рублёў (каля $ 343) за працу без акрэдытацыі: яго абвінавацілі ў парушэньні парадку вырабу і распаўсюджваньня прадукцыі СМІ (частка 3 артыкула 23.5 КоАП). Прэтэнзіі журналісту прад’явілі за эфір праграмы «Галоўнае» 25 траўня.

Беларускі МЗС ануляваў акрэдытацыю Васюковіча 29 жніўня 2020 года «на падставе прадстаўленьня Міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце Бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Тады ж і на той жа падставе былі пазбаўленыя акрэдытацыі карэспандэнты беларускай службы Радыё Свабода, нямецкага тэлеканала ARD, журналісты BBC, Reuters, AFP, Associated Press і RFI.

Рэдакцыя тэлеканалу «Настоящее время» знаходзіцца ў Празе (Чэхія), а журналісты працуюць у Расеі, Украіне, Казахстане, Азэрбайджане, Грузіі, Кіргізстане і іншых краінах.

«Настоящее время» — гэта тэлеканал, створаны RFE/RL пры ўдзеле «Голасу Амэрыкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG