Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе гэтыя людзі сядзяць за нас». У Вільні прайшоў дзень салідарнасьці зь беларускімі жанчынамі


16 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла днём салідарнасьці зь беларускімі жанчынамі. З гэтай нагоды на Лукіскім пляцы ў цэнтры Вільні прайшла акцыя з чытаньнем лістоў палітзьняволеных жанчын, арганізатарам якой стаў офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

«Мы вельмі хочам, каб міжнародная супольнасьць памятала пра крызіс у Беларусі, пра нашу мірную барацьбу за свабоду. Цяпер мы вырашылі правесьці акцыю ў падтрымку беларускіх жанчын, бо 16 ліпеня 2020 году аб'ядналіся штабы – гэтае рашэньне Марыя Калесьнікава, Вераніка Цапкала і Сьвятлана Ціханоўская прынялі за 15 хвілін. Гэта важны момант для беларускай салідарнасьці. А ў жніўні пачаліся жаночыя акцыі, нашыя цудоўныя беларускі выходзілі ў белым з кветкамі. Гэта вялікі сымбаль мірнасьці нашай барацьбы, як мы змагаемся за свабоду, за тое, каб спыніўся гвалт і ўсе палітвязьні выйшлі на волю», – кажа Яна Паляшчук, спэцыялістка ў міжнароднай камунікацыі офісу Сьвятланы Ціханоўскай, каардынатарка імпрэзы.

Дзяўчына зьвяртае ўвагу, што ў краіне больш за 560 палітвязьняў, лічба расьце штодня.

«Сярод іх шмат жанчын – журналісткі, актывісткі, валянтэркі, многія іншыя. Таму мы вельмі хацелі нагадаць пра тое, што адбываецца ў беларускіх турмах. Беларускія жанчыны, мамы, сёстры, дочкі, жонкі не трапляюць на дні народзінаў сваіх дзяцей, яны ня могуць граць на музычных інструмэнтах, яны ня могуць дыхаць сьвежым паветрам і гуляць па горадзе. І хацелася б, каб сёньняшні дзень салідарнасьці зь беларускімі жанчынамі напомніў, што беларускія жанчыны цяпер пакутуюць і нам вельмі важна ім дапамагаць, вырашаць сытуацыю ў Беларусі».

У імпрэзе ўдзельнічала горадзенская акторка Натальля Лявонава, якая чытала ліст палітзьняволенай Юліі Чарняўскай да яе дачкі.

«Юлія Вісарыёнаўна – мая любімая настаўніца, неймаверная. Гэта чалавек-космас, чалавек, які больш за ўсё любіць людзей. Яе лекцыі былі як сапраўдныя тэатральныя імпрэзы, ад яе нельга было адвесьці вачэй. Яна такая прыгожая, яна сапраўды адзін з найлепшых людзей у маім жыцьці. У Беларусі вельмі шмат неймаверных жанчын, якія робяць рэвалюцыю. Жанчыны наймацнейшыя. Мы верым, што ўсё будзе добра. Юлія Вісарыёнаўна, мы вас чакаем на свабодзе», – кажа Натальля Лявонава.

У цэнтры -- горадзенская акторка Натальля Лявонава
У цэнтры -- горадзенская акторка Натальля Лявонава

Палітоляг Тацяна Чуліцкая зачытала лісты актывісткі «Вясны» Марфы Рабковай і Анастасіі Булыбенкі, якую сёньня асудзілі на 2,5 года ў „справе студэнтаў“.

«Я чытала ліст Анастасіі да маці. Яна вельмі чульліва зьвяртаецца да мамы і кажа, што яе мама – сапраўднае сьвята, яна вельмі любіць яе. Я б хацела таксама ўзгадаць дзьвюх сваіх каляжанак-экспэртак Тацяну Кузіну і Валерыю Касьцюгову, якіх абвінавачваюць у немагчымых рэчах. Усе гэтыя людзі сядзяць за нас, людзі з сэрцам у правільным месцы і глыбокім пачуцьцём справядлівасьці. Калі мы іх не падтрымаем, то я ня ведаю, хто гэта зробіць.

І хачу проста сказаць, што зараз у Беларусі адбываецца «Крыштальная ноч», калі грамяць недзяржаўныя арганізацыі, журналістаў, праваабаронцаў. Вельмі важна, каб людзі пра гэта ведалі, каб гэта не была для іх паралельная рэчаіснасьць. Калі людзі па ўсім сьвеце будуць удзельнічаць у такіх акцыях – гэта будзе маральная дапамога ўсім у Беларусі», – кажа Тацяна Чуліцкая.

Тацяна Чуліцкая
Тацяна Чуліцкая

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG