Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку Марыю Вайтовіч з Бараўлян вызвалілі


Марыя Вайтовіч
Марыя Вайтовіч

Пра гэта паведамілі тэлеграм-каналы «Наша Ніва» і «Хрысьціянская візія» з спасылкаю на яе сваякоў.

8 ліпеня ў доме Марыі і Івана Вайтовічаў у пасёлку Досьледны Бараўлянскага сельсавету пад Менскам супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі ператрус: забралі тэхніку, бел-чырвона-белую сымболіку, нацыянальныя строі.

Марыю затрымалі нягледзячы на тое, што сям’я гадуе траіх непаўналетніх прыёмных дзяцей. Да таго жанчына перанесла дзьве апэрацыі на сэрцы.

«У яе ўнікальная здольнасьць камунікаваць зь людзьмі»

Як стала вядома з пратаколу ператрусу, Марыю Вайтовіч западозрылі ў «датычнасьці да тэрарызму».

Яе муж распавядае, што ў той дзень яны з жонкай былі дома са старэйшым хлопчыкам, 9-гадовым Кірылам. І хоць нішто не замінала заявіць пра сябе афіцыйна, жытло амапаўцы бралі літаральна штурмам: скакалі праз плот, ламалі дзьвярны замок, кінулі гаспадара тварам у падлогу.

«Заявіліся дзесьці а 13-й гадзіне, — згадвае Іван Вайтовіч. — Гучна забрахаў сабака, я зірнуў у вакно, пабачыў, што ля брамкі мітусяцца міліцыянты. Мабыць, ня здолелі адчыніць, дык адарвалі плянку ў плоце, выламалі паштовую скрыню. Уваходныя дзьверы ў нас мэталічныя, але ў сьпякоту расчыненыя. За імі як дэкор — дадатковая ПВХ-рамка з танаваным люстраным шклом. Пакуль назіраў, яны пераскочылі агароджу, вось ужо на ганку. Крычу: „Зараз адчыню!“ Не пасьпеў. Мэталічнай кіркай выламалі лёгкі замок, паклалі мяне тварам на плітку і пабеглі па пакоях шукаць Машу. Так праляжаў хвілін 15, пакуль ня зьлітаваліся: „Устанеш, калі будзеш сябе адэкватна паводзіць“. Але я ў бойку і ня рваўся».

Іван і Марыя Вайтовічы з прыёмнымі дзецьмі
Іван і Марыя Вайтовічы з прыёмнымі дзецьмі

Агулам у спэцапэрацыі ўдзельнічалі ня меней за дзясятак сілавікоў, удакладняе Іван Вайтовіч. Амапаўцы зьехалі, калі на ператрус прыбылі супрацоўнікі Бараўлянскага аддзелу міліцыі. Камандаваў усімі чалавек з КДБ, які на пытаньне пра мэту візыту ляканічна адказаў: «Падазрэньне ў кантактах з асобамі, датычнымі да тэрарызму». Хто тыя людзі, не паведаміў.

Ператрус доўжыўся больш за тры гадзіны. У якасьці рэчавых доказаў забралі кампутарную тэхніку, тэлефоны, гістарычную атрыбутыку і нават строі з нацыянальным арнамэнтам. Па заканчэньні Марыі дазволілі ўзяць крыху рэчаў і павезьлі «на гутарку». Паабяцалі, што, калі размова пойдзе ў «канструктыўным рэчышчы», вернуць назад. Не вярнулі.

Толькі на наступны дзень Івану пазванілі са схаванага нумару. Чалавек з «органаў», які напярэдадні ў іх быў, сказаў: ваша жонка ў цэнтры ізаляцыі на Акрэсьціна, дзе правядзе сама меней 10 дзён. Адваката да зьняволенай пакуль не дапусьцілі.

Сям’я Вайтовічаў некалькі апошніх гадоў вядомая актыўным удзелам у мясцовым грамадзкім жыцьці.

Дамагаліся будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ, а таксама мэдычных, спартовых і культурных аб’ектаў, якіх у Бараўлянах бракуе. Спынілі камэрцыйную жыльлёвую забудову з прычыны празьмернай шчыльнасьці і нізкай забясьпечанасьці сацыяльнаю інфраструктураю. Пратэставалі супраць беспадстаўнага высяканьня лясоў, арганізоўвалі там з суседзямі суботнікі для збору сьмецьця. Марыя ладзіла імпрэзы з удзелам мясцовых народных калектываў і творчых людзей. Выглядае, за актыўнасьць і пацярпела.

«Яна ў нашай зьвязцы больш актыўная, мабыць, ужо нават публічная асоба, — тлумачыць Іван Вайтовіч. — Я ў нейкі час адышоў ад празьмерных грамадзкіх нагрузак, бо ўсё ж трэба думаць і пра тое, як забясьпечыць сям’ю матэрыяльна. Ды і пэўны багаж рэалізаваных спраў ужо ёсьць, можна засяродзіцца на чымсьці іншым. Хоць, безумоўна, ва ўсім жонку падтрымліваю, бо ў Машы ўнікальная здольнасьць наладжваць кантакты зь людзьмі — няважна, якіх яны перакананьняў. Яе слухаюць, паважаюць; цягнуцца як тыя, каго ў чымсьці пераконваць не патрэбна, так і дзяржаўныя службоўцы. У мяне, шчыра скажу, так не атрымліваецца, не хапае цярплівасьці спакойна даказваць відавочныя рэчы».

«„Вешаюць“ артыкул, па якім даюць больш, чым за забойства»

Вайтовічы — шчырыя хрысьціяне-эвангелісты, трымаюцца агульнапрызнаных гуманістычных каштоўнасьцяў. Ужо таму спроба падвесьці іх да «тэрарызму» абсурдная, кажа Іван. Плюс да ўсяго сямейная адказнасьць: пад іхнай апекай трое непаўналетніх дзяцей. Пры гэтым малодшая Яніна мае інваліднасьць, Марыя афіцыйна ў водпуску для дагляду яе.

Іван і Марыя Вайтовічы
Іван і Марыя Вайтовічы

«Мы вернікі са стажам, я служка царквы, восем гадоў зьяўляюся дыяканам, — кажа Іван. — І ведаеце, што пра свой статус пачуў ад кадэбэшніка падчас ператрусу? „А, дык гэта вы сееце варожасьць, разгойдваеце грамадзтва, размахваеце бэчэбэ-сьцягамі!“ Маўляў, вось такія „элемэнты“ і хочуць дэстабілізаваць абстаноўку, парушыць мір ды спакой. Я быў у шоку. Абсалютная падмена паняцьцяў — зрэшты, цалкам у рэчышчы прапаганды. Не даходзіць, што вера якраз яднае. Што „крамольныя“ сымбалі зьвязаная з гісторыяй нашага народу. І, калі яны сталі сьцягам пратэсту, няўжо гвалт, садызм — адэкватны адказ? Наадварот: гэта заклік да праўды, да справядлівасьці. У чым экстрэмізм, тэрарызм?»

На пачатку чэрвеня ў Бараўляны прыяжджала старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. На сустрэчу трапіла і Марыя Вайтовіч. Тады чыноўніца ўважліва выслухала прапановы мясцовай актывісткі дзеля паляпшэньня якасьці жыцьця жыхароў раёну і пахваліла за ініцыятыўнасьць — маўляў, трэба «каб было больш такіх неабыякавых грамадзян, як Марыя Ўладзімераўна».

Але на справе аказалася, што ад грамадзкага актывізму да цяжкога крымінальнага артыкулу — усяго месяц па часе.

«Цяпер у стане кантузіі, як пасьля выбуху гранаты. „Вешаюць“ артыкул, па якім даюць больш, чым за забойства, — абураецца Іван. — Ня тое што нечакана, а дзіка і абсурдна! Нас даўно ведаюць як людзей, неабыякавых да агульных праблемаў канглямэрацыі (пад бараўлянскай шыльдай трэба разглядаць чатыры пасёлкі). Увесь час нешта рабілі: каб лес не высякалі, каб тэрыторыя была ўпарадкаваная, каб усё трымалася на прынцыпах добрасуседзтва. У гэтым працэсе зь пераменным посьпехам кантактавалі з уладамі, у нейкі момант Маша сама вырашыла балятавацца ў мясцовыя дэпутаты, каб больш эфэктыўна рэалізаваць ідэю самакіраваньня. Мірная стваральная праца. І раптам „тэрарызм“. Дзе лёгіка?»

Іван Вайтовіч не выключае, што пільная ўвага да ягонай сям’і завастрылася падчас леташніх пратэстаў. Але перакананы, што адэкватныя людзі ў той сытуацыі проста не маглі заставацца абыякавымі да беззаконьня.

«Калі на свае вочы бачылі, што фальсыфікуюць выбары, што б’юць мірных людзей, узьнікаў маральны абавязак гаварыць: гэта грэх, так рабіць нельга. Марыя была назіральніцай, і амаль па ўсіх бараўлянскіх участках перамагла Сьвятлана Ціханоўская. Але і думкі не было, каб падбухторваць да нямірнага пратэсту. Мы ўздымалі голас у абарону права кожнага чалавека на сваё волевыяўленьне. Калі ў 2018 годзе жонка пайшла ў дэпутаты, таксама назіралі. Выкрылі парушэньні, напісалі Ярмошынай (праўда, бясплённа). Чаму гэта рабілі? Таму што так няправільна, калі крадуць галасы. Мы ня плакалі, што нас пракінулі — гэта быў клясны досьвед: кантактавалі з выбарнікамі, акумулявалі новыя ідэі. Маша жыла для людзей, як ні высакамоўна гэта прагучыць. Хто яе ведае, пацьвердзяць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG