Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша Ніва»: На Акрэсьціна не аддаюць перадачы затрыманым супрацоўнікам рэдакцыі


Затрыманыя ў «справе „Нашай Нівы“» (зьлева направа): Вольга Раковіч, Андрэй Дынько, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко

Сваякі затрыманых супрацоўнікаў выданьня «Наша Ніва» перадалі ім рэчы і прадукты ў ізалятар часовага ўтрыманьня, але перадачы да адрасатаў так і не дайшлі.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Нашай Нівы».

«Такім чынам, восьмы дзень нашы калегі знаходзяцца ў тым самым адзеньні, у якім іх затрымалі, нягледзячы на невыносную сьпёку, якая стаіць гэтымі днямі, — адзначае «Наша Ніва». — У іх няма ні зьменнай бялізны, ні элемэнтарных сродкаў гігіены, ні дадатковай ежы і пітва. Куды падзеліся перадачы, якія сваякі куплялі за свае грошы і перадавалі, невядома. Гуманітарныя наборы, якія на Акрэсціна перадае „Чырвоны крыж“, затрыманым таксама не даюць. Людзі ў ізалятары сьпяць на падлозе або на шконках безь бялізны і матрацаў. Усё гэта зьяўляецца грубым парушэньнем закону і ўнутраных правілаў ІЧУ».

8 ліпеня былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгальтар Вольга Раковіч. Усе яны праходзяць падазраванымі паводле ч.1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеяньняў, што груба парушылі грамадзкі парадак, або ўдзел у іх).

Тэлеграм-канал падкрэсьлівае, што ў Скурко — цукровы дыябэт, Раковіч менш за месяц таму перанесла складаную апэрацыю, за час, што яна на Акрэсьціна, стан яе здароўя пагоршыўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG