Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нагнятаньне страху і банальная помста». Праваабаронцы камэнтуюць рэпрэсіі апошніх дзён


Ілюстрацыйнае фота

Прэсавая канфэрэнцыя пад назвай «Хто выйграе ад разгрому грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», арганізаваная Прэс-клюбам, прайшла 16 ліпеня ў онлайн-фармаце.

Прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч мяркуе, што асноўны ўдар у апошнія дні быў накіраваны менавіта на «Вясну».

«Былі затрыманыя амаль усе прадстаўнікі „Вясны“, якія на той момант былі ў Беларусі», — сказала Сацункевіч. Вобшукі ў памяшканьні Цэнтру і ў праваабаронцаў праводзіліся па справах, заведзеных па артыкулах 342 («арганізацыя і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў) і 243 («ухіленьне ад сплаты падаткаў»), сказала Сацункевіч.

«Відавочна, што перасьлед людзей адбываецца з прычыны іх дзейнасьці па абароне правоў чалавека ў Беларусі на працягу апошніх 25 гадоў і за іх прынцыповую пазыцыю і актыўную працу на працягу апошняга году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў», — сказала Сацункевіч.

«У нас хапае сіл і магчымасьцяў на дапамогу як нашым калегам, так і людзям у Беларусі, якім дагэтуль трэба дапамога, — кажа праваабаронца. — Сытуацыя трывожная, але я хацела б папрасіць вас памятаць, што калегі зь „Вясны“ востра патрабуюць дапамогі і нам важныя вашыя галасы ў падтрымку і абарону „Вясны“».

Адвакат Антон Гашынскі выйшаў у эфір з судовай залі, чакаючы абвяшчэньня прысуду па справе студэнтаў. Ён паведаміў, што да 22 ліпеня яшчэ можа ажыцьцяўляць адвакацкую дзейнасьць.

«Многія адвакаты будуць адмаўляцца ад заключэньня пагадненьня і ўдзелу ў такіх справах [зьвязаных з палітычных перасьледам. — РС]. Гэта ня вельмі добра, але, на жаль, інстынкт самазахаваньня ў адвакатаў будзе працаваць гэтаксама. Іх можна зразумець, — кажа Антон Гашынскі. — Мяне пазбавілі права на працу, але тут жа 3 ці 4 чалавекам кваліфікацыйная камісія ўручыла ліцэнзіі і абвясьціла, што яны могуць быць адвакатамі. Гэта кругазварот адвакатаў. На наша месца, думаю, прыйдуць іншыя, якія будуць працаваць і абараняць дзеля дабра кліентаў».

Гашынскі мяркуе, што кожнаму з тых, супраць каго вядзецца крымінальны перасьлед, падрыхтаваная свая роля ў «вялікай карціне». «Карціна», паводле ягоных словаў, неаднойчы была агучаная прэзыдэнтам.

«„Глябальная змова, пераварот, які суправаджаецца актамі тэрору, дзяржаўнай здрады“ і г. д., — кажа Гашынскі. — Гэтыя словы ня могуць заставацца проста словамі. Зьяўляюцца крымінальныя справы, якія нібыта пацьвярджаюць, што гэтыя сьцьверджаньні адпавядаюць рэчаіснасьці. Таму слухайце ўважліва словы Аляксандра Рыгоравіча і рабіце высновы, у каго які можа быць артыкул».

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў расказаў, што ў офісе БАЖ прайшоў ужо другі вобшук.

«Ідзе вайна прадстаўнікоў дзяржавы зь беларускім грамадзтвам, — мяркуе Агееў. — Менавіта гэтыя прадстаўнікі дзяржавы падчас электаральных кампаній заяўлялі пра перавагі беларускай мадэлі, маўляў, што няма вайны, але насамрэч вайна пачалася. Мяркуючы па рыторыцы прадстаўнікоў сілавых спэцслужбаў, менавіта як ваенныя дзеяньні яны ацэньваюць зачыстку грамадзянскага сэктару».

Алег Агееў кажа, што ў гэтай сытуацыі ня будзе тых, хто выйграе.

«Дзеяньні дзяржаўных спэцслужбаў ніколі не дасягнуць мэты. Цалкам грамадзянскую супольнасьць нікому ў аніводнай краіне не ўдаецца зачысьціць да канца. Але ў лік тых, хто прайграў, трапіць кожны грамадзянін Беларусі», — мяркуе Алег Агееў.

«Зьнішчаецца інфраструктура разьвіцьця, — камэнтуе сытуацыю дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. — Шмат што добрае, што адбывалася ў Беларусі ў апошнія гады, зьвязана менавіта зь дзейнасьцю грамадзкага сэктару, які ўвесь час выцягваў Беларусь зь ямы, у якую яе вёў беларускі рэжым. У лёгіцы ўладаў яны атакуюць інфраструктуру вытворчасьці незалежных грамадзян... Зь іх пункту гледжаньня менавіта гэта ёсьць пагроза рэжыму».

Ягораў кажа, што мэта рэжыму — «ня даць узнавіцца пратэстам». Дзеля гэтага ён «хоча падарваць інфраструктуру, якая зьвязвае незалежных грамадзян». Паводле Ягорава, рэжым зьвязвае пратэсты «зь дзейнасьцю незалежных мэдыя і арганізацый грамадзянскай супольнасьці».

«Але робячы так, яны не разумеюць ролі і прызначэньня арганізацый трэцяга сэктару, — сьцьвярджае Ягораў. — Гэтыя арганізацыя не былі ані арганізатарамі, ані праваднікамі, гэта была структура падтрымкі пацярпелых, салідарызацыі».

«У гэтыя працэсы былі ўключаны сотні тысяч, калі не мільёны грамадзян, і зьнішчыць усё гэта немагчыма такім чынам», — упэўнены Ягораў.

Ён мяркуе, што брутальнымі рэпрэсіямі ўлады хочуць «нагнятаньня страху ў грамадзтве».

«Але ёсьць элемэнт банальнай помсты, — мяркуе Ягораў. — Беларускі рэжым хоча адпомсьціць усім, каго ён лічыць вінаватым у тым, што адбывалася, не разумеючы дэцэнтралізаванага спантаннага характару гэтага [пратэставага руху. — РС] і таго, што грамадзтва сапраўды жадае перамен».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG