Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 16 ліпеня: 3 гады «хіміі» і 2 гады калёніі за нядзельныя маршы жніўня і верасьня 2020 году


Марш пратэсту 13 верасьня ў Менску
Марш пратэсту 13 верасьня ў Менску

У судзе Цэнтральнага раёну Менску асудзілі палітвязьня Мікалая Шэметава і Анастасію Тарэлка, якіх вінавацілі ў «арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак» (ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Шэметава і Тарэлка судзілі за падзеі на нядзельных маршаў у жніўні і верасьні 2020 году. Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Карсюк. Бок дзяржабвінавачаньня прадстаўляў Цімафей Нічыпарук, піша «Вясна».

Паводле абвінавачаньня, Анастасія Тарэлка (раней — Мілюгіна) 16, 23 і 30 жніўня 2020 году «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па праспэктах Пераможцаў і Незалежнасьці, вуліцы Леніна, дзейнічала сумесна і ўзгоднена з іншымі асобамі, гучна пляскала ў далоні, выкрыквала лёзунгі, выходзіла на праезную частку дарогі і замінала праезду грамадзкага транспарту, неаднаразова адмаўлялася выканаць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі. Таксама прымала ўдзел у мітынгу 20 верасьня і рухалася па вуліцах Ціміразева, Пушкіна да Нямігі, зноў выходзіла на праезную частку».

27 верасьня, паводле абвінавачаньня, яна па папярэдняй змове зь Мікалаем Шэметавым нібыта прыняла ўдзел у арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак: па мабільнай сувязі перадавала Шэметаву зьвесткі пра перамяшчэньні людзей і супрацоўнікаў міліцыі. Шэметаў, у сваю чаргу, нібыта накіроўваў калёну, што «дазваляла ўдзельнікам пазьбягаць затрыманьняў».

І Анастасія Тарэлка, і Мікалай Шэметаў цалкам прызналі віну. Шэметаў за кратамі ад 21 сьнежня 2020 году, мае на ўтрыманьні чацьвярых непаўналетніх дзяцей, самаму малодшаму зь якіх усяго 5 месяцаў. Тарэлка не пад вартай, яна знаходзіцца на восьмым тыдні цяжарнасьці. Мае 6-гадовае дзіця ад папярэдняга шлюбу.

Мікалай Шэметаў суду патлумачыў, што непасрэднага ўдзелу ў акцыі не прымаў, быў адміністратарам тэлеграм-чату «Пушкары», пазнаёміўся з Анастасіяй Тарэлкай у жніўні-верасьні 2020 году праз чат.

Мікалай Шэметаў настойваў, што стараўся не дапусьціць радыкалізацыі ў чатах, а пасьля адзначыў: сьледзтва пераканала яго, што ў ягоных дзеяньнях ёсьць склад злачынстваў.

Анастасія адмовіла свой удзел у пратэсьце і патлумачыла, што ў той час «проста гуляла», аднак «усьведамляла сябе як удзельніка масавых мерапрыемстваў». Таксама патлумачыла, што Шэметаў пасьля інфармацыі аб прыезьдзе вадамёта сказаў, што можна выклікаць хуткую дапамогу, каб вадамёты не маглі працаваць. Сама Анастасія «асабліва не зьвярнула ўвагі на такую прапанову».

На пытаньне адваката пра мэту тэлефонных размоў з Шэметавым яна адказала, што хацела даведацца бясьпечны шлях дадому, бо пасьля стрэлаў баялася працягваць гуляць.

Пракурор заявіў, што віна падсудных даказаная цалкам. Адвакат Шэметава казаў, што хоць дзеяньні падабароннага кваліфікаваныя дакладна, няма доказаў, што ён быў у стане алькагольнага ап’яненьня. З доказаў суду прадставілі толькі тэлефонныя размовы, астатняе — здагадкі.

Абарона Тарэлка таксама адзначыла, што абвіначаная прызнала віну, хоць адвакат і ня можа пагадзіцца зь яе пазыцыяй, бо не было прадастаўлена дастаткова доказаў менавіта актыўнага ўдзелу Анастасіі ў дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак. На думку абароны, жанчына толькі знаходзілася ў месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў, дарогі там ужо былі перакрытыя, сама яна нічога не арганізоўвала.

16 ліпеня судзьдзя Карсюк агучыў прысуд, у якім пагадзіўся з пазыцыяй дзяржабвінаваўцы і пакараў Мікалая Шэметава пазбаўленьнем волі тэрмінам на 2 гады, а Анастасію Тарэлка — абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову тэрмінам на 3 гады.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG