Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў Калесьнікаву пад вартай, яна напісала з турмы: «Мы ўжо перамаглі — перш за ўсё сваю абыякавасьць»


Марыя Калесьнікава на жаночым маршы, жнівень 2020 году.
Марыя Калесьнікава на жаночым маршы, жнівень 2020 году.

Яе справу раней перадалі для разгляду ў Менскі абласны суд.

Палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай падоўжылі ўтрыманьне пад вартай да суду. Такое рашэньне па скарзе адваката ўхваліў Вярхоўны суд Беларусі. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Віктара Бабарыкі.

16 ліпеня, разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай ухвалілі рашэньне аб’яднаць штабы трох прэзыдэнцкіх кампаній і разам выступалі за перамены, дэмакратычную будучыню і свабоду.

Марыя Калесьнікава напісала ліст зь СІЗА пра гэтую падзею:

«Год таму ўтрох са Сьвятланай і Веранікай за 15 хвілін мы прынялі вельмі важнае рашэньне. Я ведаю, што было нялёгка, але Сьвятлана і Вераніка падтрымалі прапанову штабу Віктара Бабарыкі. І празь некалькі тыдняў кампаніі мы ўсе разумелі — Беларусь прачнулася.

Я шчыра захапляюся і ганаруся беларусамі. Ведаю, што многія стаміліся і можа здавацца, што вайна беларускіх уладаў супраць уласнага народу ніколі ня скончыцца.

Але гэта ня так. Мы ўжо перамаглі: перш за ўсё сваю абыякавасьць — гэта самае важнае. Гэта вельмі складана — выціскаць зь сябе раба, па кроплі, але неабходна для нас, для нашай будучыні. Мы разам з гэтым справімся. Я ганаруся, што я беларуска».

Калесьнікаву, а таксама юрыста Максіма Знака абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, у закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, і ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Крымінальную справу супраць сяброў Каардынацыйнай рады Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай накіравалі для разгляду ў Менскі абласны суд. Дата разгляду справы пакуль невядомая.

Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады);
  • ч. 1 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы);
  • ч. 3 арт. 361-1 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).

Ім пагражае да 12 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG